Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.02.2021

Кнігі Выдавецкага дома «Беларуская навука» ўзнагароджаны ў 6 намінацыях конкурсу «Мастацтва кнігі»

20 лютага 2021 года адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў 60-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Кнігі Выдавецкага дома «Беларуская навука» атрымалі адразу шэсць узнагарод. Так, у спецыяльнай намінацыі «За ўнёсак у захаванне духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыны» адзначана маштабнае навукова-папулярнае выданне «Рэспубліка Беларусь – 25 гадоў тварэння і здзяйсненняў» (у 7 тамах), прысвечанае сучаснай Беларусі. У тэматычнай намінацыі «Навука і веды» перамогу прысудзілі пяцітомніку «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Кніга «Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі» адзначана дыпломам 2-й ступені ў намінацыі «Духоўнасць». Таксама дыпломам 2-й ступені адзначана выданне «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!» (Книга 1) у намінацыі «Беларусь помніць». Дыпломам 1-й ступені ў намінацыі «Садружнасць» адзначана выданне «І я там быў…» (серыя «З народна-паэтычнай спадчыны»). У намінацыі «Залатыя скрыжалі» дыплом 2-й ступені ўручаны за кнігу «Генафонд пладовых і ягадных раслін Беларусі: атлас гатункаў пладовых, ягадных, арэхаплодных культур і вінаграду».

Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі» праводзіць Міністэрства інфармацыі для вызначэння лепшых выдавецкіх праектаў, якія сталі падзеяй у нацыянальным кнігавыданні, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі. Ён прызваны таксама садзейнічаць развіццю кніжнага мастацтва, папулярызацыі лепшых дасягненняў выдавецтваў Беларусі. Урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод адбылася на XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.