Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.03.2021

Атрыманы першыя ацэнкі ўзроўняў уздзеяння навуковых станцый на паветранае асяроддзе Антарктыкі

Атрыманы першыя дэталёвыя ацэнкі ўзроўняў антрапагеннага ўздзеяння навуковых станцый на паветранае асяроддзе лядовага кантынента. У Інстытуце прыродакарыстання НАН Беларусі загадчык лабараторыі трансгранічнага забруджвання Сяргей Какарэка ўпершыню зрабіў дэталёвую ацэнку выкідаў забруджвальных рэчываў і парніковых газаў ад асноўных наземных крыніц паступлення забруджвальных рэчываў у Антарктыцы – дызель-генератарных установак круглагадовых і сезонных навуковых станцый.

Антарктыка – самы чысты кантынент на планеце. Ён патрабуе комплексу прыродаахоўных мер пры планаванні і ажыццяўленні навуковай дзейнасці, якая дазволена тут у адпаведнасці з Дагаворам аб Антарктыцы і Пратаколам (Мадрыдскім) па ахове навакольнага асяроддзя да Дагавора па Антарктыцы, да якіх далучаецца Беларусь. У Антарктыцы ў цяперашні час налічваецца каля 70 круглагадовых і сезонных навуковых станцый, на якіх пражывае зімой каля 1000 чалавек; летам насельніцтва Антарктыды павялічваецца да 5000 чалавек. Беручы пад увагу ўнікальную чысціню кантынента, уздзеянне станцый на прыроднае асяроддзе Антарктыды немагчыма не ўлічваць.

У даследаваннях загадчыка лабараторыі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргея Какарэкі, доктара тэхнічных навук, прафесара паказана, што антарктычныя станцыі досыць розныя па ўзроўнях выкідаў і раздзелены па іх на 7 груп; пры гэтым устаноўлена, што на 12 самых буйных станцый прыходзіцца больш за ¾ усіх выкідаў на кантыненце. Ацэнены выкіды для розных тэрытарыяльных выдзелаў адпаведна схемам прыроднага і біягеаграфічнага раянавання Антарктыды. Так, згодна з атрыманымі рэзультатамі, 41% выкідаў прыходзіцца на Усходнюю Антарктыду, 59% – на Заходнюю; найбольш высокая шчыльнасць выкідаў – на Паўднёвых Аркнейскіх астравах і Зямлі Адэлі.

Праведзеныя даследаванні паслужаць асновай для далейшага ўдасканальвання ацэнак, мадэлявання і прагнозу антрапагенных уздзеянняў і іх наступстваў у Антарктыцы.

Рэзультаты даследаванняў апублікаваны ў апошнім нумары аўтарытэтнага міжнароднага часопіса Advancesin Polar Science*

*Sergey Kakareka. Air pollutants and greenhouse gases emission inventory for power plants in the Antarctic // Advances in Polar Science. 2020, Vol.31, No 4, pp.274-283. doi: 10.13679/j.advps.2020.0032

Прэс-служба НАН Беларусі