Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.03.2021

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’яўляе аб правядзенні ў 2021 годзе конкурсу на суісканне прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Акадэміяй навук Беларусі заснаваны восем прэмій за лепшую навуковую работу ў наступных галінах:
у галіне фізіка-матэматычных навук (адна прэмія);
у галіне інфармацыйных тэхналогій (адна прэмія);
у галіне фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук (адна прэмія);
у галіне хімічных навук і навук аб Зямлі (адна прэмія);
у галіне біялагічных навук (адна прэмія);
у галіне медыцынскіх навук (адна прэмія);
у галіне гуманітарных і сацыяльных навук (адна прэмія);
у галіне аграрных навук (адна прэмія).

Суіскальнікамі прэмій НАН Беларусі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь – асобныя вучоныя ці калектывы вучоных (не больш за тры чалавекі), якія апублікавалі рэзультаты даследаванняў у манаграфіях, цыклах артыкулаў у вядучых навуковых часопісах, выканалі распрацоўкі, практычная рэалізацыя якіх у сукупнасці адлюстроўвае рашэнне значнай навуковай і/або практычнай праблемы.

Работа, што вылучаецца на суісканне прэміі НАН Беларусі, павінна быць выканана і мець апублікаваныя рэзультаты ў апошнія пяць гадоў. У асобных выпадках дапускаецца ўключэнне ў цыкл больш ранніх, самых важных, тэматычна звязаных з работай публікацый і іншых рэзультатаў даследаванняў. Аўтарэфераты і рукапісы дысертацыйных прац у склад матэрыялаў на конкурс не ўключаюцца.

Права вылучэння работ на суісканне прэмій НАН Беларусі маюць акадэмікі і члены-карэспандэнты НАН Беларусі (па сваёй спецыяльнасці), вучоныя і навукова-тэхнічныя саветы арганізацый Акадэміі навук. Работа можа быць вылучана вучонымі або навукова-тэхнічнымі саветамі іншых арганізацый Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ўстаноў вышэйшай адукацыі ці іх факультэтаў, сумесна з вучоным або навукова-тэхнічным саветам арганізацыі НАН Беларусі.

Арганізацыі і асобы, якія вылучылі кандыдатуры на суісканне прэмій, павінны прадставіць камплект наступных матэрыялаў:
- у выпадку вылучэння работы арганізацыяй: – выпіска з пасяджэння вучонага (навукова-тэхнічнага) савета арганізацыі аб вылучэнні работы (цыкла работ) з абгрунтаваннем значэння рэзультатаў гэтай работы для навукі і практыкі. Пры вылучэнні работы арганізацыяй НАН Беларусі сумесна з навуковай арганізацыяй другой ведамаснай падпарадкаванасці або ўстановай вышэйшай адукацыі прадстаўляюцца выпіскі з пасяджэнняў вучоных (навукова-тэхнічных) саветаў абедзвюх арганізацый;
- у выпадку вылучэння работы членам НАН Беларусі: – рэкамендацыя акадэміка ці члена-карэспандэнта з абгрунтаваннем значэння рэзультатаў гэтай работы для навукі і практыкі;
- работа, што вылучаецца на суісканне прэміі: тэматычна звязаныя паміж сабой манаграфіі, іншыя кніжныя выданні, копіі артыкулаў, патэнтаў, матэрыялаў, якія пацвярджаюць практычнае асваенне рэзультатаў работы, адлюстроўваюць у сукупнасці рашэнне значнай навуковай і/або практычнай праблемы;
- падпісаная аўтарамі анатацыя работы аб’ёмам каля трох старонак стандартнага машынапіснага тэксту, якая ўключае наступныя звесткі: назва работы; поўнае імя, вучоная ступень, званне, пасада і месца працы кожнага з членаў аўтарскага калектыву; пастаноўка праблемы і яе актуальнасць, шляхі рашэння, атрыманыя рэзультаты;
- кароткая анатацыя работы на беларускай мове аб’ёмам не болей за старонку, з указаннем назвы работы, поўных імён, вучоных ступеней, званняў і месцаў працы членаў аўтарскага калектыву (для работ, аформленых на рускай мове);
- кароткая фармулёўка рэзультатаў даследавання (не больш за 450 знакаў);
- завераны спіс публікацый, уключаных у работу, і спісы прац, апублікаваных кожным аўтарам;
- даведка аб асабістым унёску кожнага члена аўтарскага калектыву, падпісаная ўсімі сааўтарамі работы (цыкла работ);
- звесткі пра аўтара/аўтараў (прозвішча, імя, імя па бацьку; чысло, месяц і год нараджэння; адукацыя (якую ўстанову вышэйшай адукацыі закончыў і калі), спецыяльнасць па адукацыі; вучоная ступень і вучонае званне; узнагароды (з указаннем даты ўзнагароджвання); праца ў мінулым; асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці; агульная колькасць публікацый; кіраўніцтва аспірантамі і суіскальнікамі; хатні і службовы адрасы і тэлефоны;
- копія 25, 31 – 33 старонак пашпарта кожнага з членаў аўтарскага калектыву;

Матэрыялы з подпісам «На суісканне прэміі НАН Беларусі 2021 года» ў адным экзэмпляры накіроўваюцца да 1 кастрычніка 2021 г. ва ўпраўленне прэмій, стыпендый і ўзнагарод Галоўнага ўпраўлення кадраў і кадравай палітыкі апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на адрас: 220072, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 66, каб. 317, 406.

Тэл. для даведак: (017) 275-24-56; (017) 358-28-26.
З Палажэннем аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі можна пазнаёміцца тут.