Дарагія жанчыны!
Паважаныя калегі!
Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ад сябе асабіста віншую вас з цудоўным, светлым веснавым святам – Днём жанчын!
У імклівай плыні падзей мы, мужчыны, часам незаслужана забываем сказаць вам, мілыя жанчыны, словы захаплення і падзякі за вашу штодзённую працу, за значны ўнёсак у развіццё беларускай навукі і грамадства. А гэтыя словы такія неабходныя!
Толькі вы здольныя аб’яднаць у сабе пяшчоту і мэтанакіраванасць, сталасць думкі і маладосць душы. Толькі ў вас дастаткова сіл, каб будаваць кар’еру, рабіць утульным дом, клапаціцца пра родных. Ваша мудрасць ахоўвае сямейны ачаг і дазваляе кіраваць працоўнымі калектывамі. Ваша цярплівасць дапамагае пераадольваць штодзённыя цяжкасці, а дабрыня – выхоўваць дзяцей.
Год за годам роля жанчыны ў нашай краіне ўзмацняецца. Ваш высокі прафесіяналізм, творчы падыход да працы, энтузіязм і ініцыятыўнасць маюць неацэннае значэнне ў жыцці Акадэміі навук. Сёння доля жанчын сярод даследчыкаў у НАН Беларусі складае амаль 48 %, кандыдатаў навук – больш за 43 %, дактароў навук – да 20 %. Высокая доля жанчын сярод суіскальнікаў, акадэмічных магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў.
Без вас, дарагія жанчыны, наша Акадэмія не была б такой, якую мы ведаем сёння. Навуковыя калектывы, дзе жанчыны іграюць важную ролю, паказваюць прыклад, як нават у наш няпросты час можна паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі. Лаўрэатамі многіх прэстыжных навуковых узнагарод і прэмій у апошнія гады з’яўляюцца жанчыны-вучоныя.
Мы, мужчыны, любім вас, любім, калі вы побач – дома і на працы, вы – наша надзея і апора.
Дзякуй вам за ўсё! За дабрыню, любоў і пяшчоту, працу і цярпенне. За тое, што служыце для нас крыніцай натхнення.
Няхай у вашай душы заўсёды будзе вясна! Няхай ніколі не пакідаюць шчасце, любоў і ўдача! Няхай цяпло гэтага цудоўнага веснавога свята сагравае вашыя сэрцы!
Моцнага здароўя, дабрабыту, радасці вам і вашым блізкім!
УЛАДЗІМІР ГУСАКОЎ,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік