4 сакавіка 2021 года ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Навуковае суправаджэнне прамысловай галіны Рэспублікі Беларусь». У якасці спікераў ад НАН Беларусі на мерапрыемстве выступілі Пётр Віцязь, кіраўнік апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, і Віталій Залескі, дырэктар ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Яны падрабязна расказалі пра прыярытэтныя напрамкі навуковых даследаванняў акадэмічных вучоных, пра сувязь навукі і вытворчасці.
Як падкрэсліў Пётр Віцязь, сёння акадэмічная навука працуе ў самым цесным кантакце з прамысловымі прадпрыемствамі краіны і актыўна рэагуе на патрэбы эканомікі. Пабудаваная сувязь па вертыкалі навука – адукацыя – прамысловасць у апошнія гады зрабіла беларускую прадукцыю яшчэ больш канкурэнтаздольнай і запатрабаванай на сусветным рынку. Ён прывёў прыклад: калі яшчэ нядаўна кар’ерныя самазвалы мелі рэсурс 300 тысяч кіламетраў да капітальнага рамонту, то сягоння рэсурс перавышае мільён. Гэта стала магчымым дзякуючы стварэнню новых сплаваў, якія ў шмат разоў павялічылі рэсурс вузлоў і агрэгатаў. У краіне нямала ўнікальных распрацовак, і асабліва важна прасоўваць іх на рынак. Віталій Залескі, у сваю чаргу, прывёў прыклад таго, як касмічныя тэхналогіі ў прамым сэнсе стаяць на варце здароўя чалавека. У прыватнасці, тэхналогія ахоўных пакрыццяў, якая была распрацавана для касмічных апаратаў, стала прымяняцца і ў вытворчасці штучных клапанаў сэрца. А беларускае абсталяванне плазменнай цэментацыі ўвогуле не мае аналагаў у свеце.