Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.03.2021

З Антарктыды – з любоўю! Палярнікі даслалі віншаванне з Днём жанчын

Удзельнікі 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі віншуюць жанчын Нацыянальнай акадэміі навук і ўсёй краіны з цудоўным святам – Днём жанчын.

У віншаванні напісана: «Дарагія жанчыны: маці, жонкі, сёстры, дочкі, унучкі, калегі, уся слаўная палавінка Беларусі! Мужчыны 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі шчыра віншуюць вас са святам – Днём жанчын, 8 сакавіка! Вы дорыце нам любоў і радасць, атуляеце клопатам, натхняеце на подзвігі і здзяйсненні! Вам мужчыны пішуць вершы і песні, прысвячаюць перамогі, дораць кветкі і падарункі! Без вас наша жыццё было б чорна-белым сюжэтам. Жадаем вам моцнага здароўя, мірнага неба, шчасця, спакою і дабрабыту! Няхай мужчыны захоўваюць для вас атмасферу свята не толькі 8 сакавіка, а кожны дзень – цэлы год! Вы самыя-самыя – цудоўныя і чароўныя! Да сустрэчы на Вялікай Зямлі!
Мужчыны 13-й БАЭ:
Аляксей Гайдашоў
Уладзімір Несцяровіч
Леанід Нікіцюк
Павел Растоў
Сяргей Люты
Уладзіслаў Базылевіч
Павел Шаблыка
Ягор Корзун
Мікалай Зінькевіч
Сяргей Зубрыцкі.

Як вядома, 19 кастрычніка 2020 года ў НАН Беларусі дадзены ўрачысты старт трынаццатай Беларускай антарктычнай экспедыцыі. На лядовы кантынент адправіліся дзесяць удзельнікаў. Падчас экспедыцыі 2020– 2021 плануецца завяршыць стварэнне першай чаргі інфраструктуры антарктычнай станцыі і яе падрыхтоўку да функцыянавання ў круглагадовым фармаце. Па стане на сярэдзіну лютага зманціраваны і ўведзены ў эксплуатацыю шэраг аб’ектаў станцыі: трохсекцыйны модуль кіравання, сувязі і навігацыі, васьмісекцыйны службова-жылы модуль, біялагічная лабараторыя і новы комплекс дызель-электрастанцыі. Праведзена падрыхтоўка снежна-лядовай узлётна-пасадачнай паласы для ўнутрыантарктычных авіяцыйных пералётаў па міжнароднай сістэме DROMLAN, а таксама каля 30 км трас руху снегаходнай тэхнікі. Паспяхова апрабавана новая сістэма спадарожнікавай сувязі VSAT і атрымана двухбаковая сувязь са спадарожнікам NSS 12. Акрамя гэтага, цяпер рэалізуецца шэраг навуковых праектаў па вывучэнні Антарктыкі. Яны прадугледжваюць даследаванне аэразольнага і газавага саставу атмасферы, УФ-выпраменьвання, а таксама зямной кары ў раёне гары Вячэрняя. Вядзецца маніторынг азонавага слоя Зямлі, пошук перспектыўных у плане наяўнасці карысных выкапняў участкаў, ацэньваюцца магчымасці выкарыстання біялагічных рэсурсаў Антарктыкі.