11 сакавіка а 17 гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12) адбудзецца урачыстае адкрыццё персанальнай выстаўкі акварэльных і графічных работ Аляксандра Лакоткі “Вобразы мілыя роднага краю…”.
Bыстаўка праводзіцца ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства.
Аляксандр Іванавіч Лакотка – дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, архітэктар, акадэмік НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. У сваёй прафесійнай дзейнасці займаўся навуковай працай у галіне тэорыі і гісторыі, аховы і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Даследаваў агульныя і рэгіянальныя рысы беларускага народнага дойлідства. Стварыў навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як выніку сінтэзу будаўнічага мастацтва Усходу і Захаду Еўропы.
Вывучаючы гісторыка-культурную спадчыну, Аляксандр Лакотка шмат гадоў падарожнічаў па Беларусі і выканаў не адну серыю акварэльных і графічных работ краявідаў рэгіёнаў, запаведных мясцін, прыгожых відарысаў. Любімыя тэмы мастака – прырода, палі і лугі, лясы і далягляды, тыповыя беларускія вёскі: Залессе і Зарэчча, Забалацце і Балотчыцы, Селішча, Нізок, хутары і мястэчкі (Дзятлава і Рубяжэвічы, Гервяты і Варняны, Солы і Свір), помнікі беларускага дойлідства.
Творы вылучаюцца светлым каларытам, маляўнічасцю фарбаў, паэтыкай і лірызмам, працягваюць традыцыі беларускага жывапісу, малюнка, графікі.
Сакавіты каларыт, каляровая паліфанія дазваляюць аўтару стварыць непаўторныя, мілыя вобразы роднай зямлі. Светлыя нябёсы, буйныя вятры, малады летні дождж ствараюць аўру гэтых карцін. Пагоркі і лагчыны, блакітныя вочы азёр, шум бярозавага гаю, вясковыя дарогі, стрэхі прашчураў, царкоўныя вежы – вось той апавядальны, эпічны змест гэтых твораў.
Разам з тым малюнкі дакументальна дакладныя: гэта летапіс роднай зямлі нашага часу, дар нашчадкам, пасыл у будучыню.
Выстаўка працуе па 4 красавіка 2021 года.