Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.03.2021

Адбылося ўрачыстае адкрыццё навуковай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю заключэння Рыжскага міру

18 сакавіка 2021 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Рыжскі мір 1921 года ў лёсе беларускага народа (да 100-годдзя заключэння)». Арганізатары мерапрыемства – Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

На ўрачыстым адкрыцці Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў: «Сённяшняя канферэнцыя, прысвечаная трагічнай даце для нашага народа – Рыжскаму міру, мае знакавае, вельмі важнае значэнне. Я настойваю на тым, каб мы праводзілі як мага болей мерапрыемстваў, якія будуць адлюстроўваць сапраўдную гісторыю нашай зямлі. Без перабольшання беларуская дзяржаўнасць – гэта самая старажытная дзяржаўнасць у Еўропе, што б там ні казалі. І пра гэта трэба расказваць больш шырока, пачынаючы ад гісторыі такіх перыядаў, як Полацкае і Тураўскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая і г.д. На сучасным этапе Беларусь мае неабходную дзяржаўнасць, межы, захоўвае сваю культуру, традыцыі і гісторыю. Нам трэба смялей абараняць нацыянальныя інтарэсы, справядлівасць і праўду беларускага народа». Падчас свайго выступлення Уладзімір Гусакоў расказаў пра планы па пашырэнні дзейнасці Інстытута гісторыі НАН і стварэння на яго базе некалькіх інстытутаў, аб’яднаных у адзін цэнтр. Акрамя таго, у святле глабальных задач, якія стаяць перад даследчыкамі краіны, Старшыня Прэзідыума даручыў спецыялістам Інстытута гісторыі на аснове пяцітомнага навуковага выдання аб гісторыі беларускай дзяржаўнасці распрацаваць энцыклапедыю беларускай дзяржаўнасці.

18 – 19 сакавіка 2021 года Інстытут гісторыі сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь праводзіў знакавую Міжнародную навуковую канферэнцыю «Рыжскі мір 1921 года ў лёсе беларускага народа (да 100-годдзя заключэння)». На форуме абмяркоўваўся лёс беларускай дзяржаўнасці ва ўмовах геапалітычных выклікаў 1918 – 1923 гадоў, польска-савецкай вайны 1919 – 1921 гадоў. Таксама была дадзена ацэнка ролі Рыжскага дагавора ў лёсе беларускага народа і ў нацыянальнай традыцыі. Акрамя таго, у ліку задач форума – паляпшэнне ўзаемадзеяння акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі па актуальных праблемах развіцця айчыннай сацыягуманітарыстыкі, арганізацыя і кіраванне творчай ініцыятывай студэнцкай моладзі па актуальных пытаннях вывучэння гісторыі беларускай дзяржаўнасці.

*18 сакавіка 1921 года ў Рызе пасля польска-савецкай вайны дэлегацыямі Польшчы, РСФСР і УССР без уліку інтарэсаў беларускага народа быў падпісаны мірны дагавор. Яго заключэнне прывяло да цяжкіх тэрытарыяльных страт. Згодна з дагаворам амаль палавіна этнічнай беларускай тэрыторыі адышла да Польшчы. Хоць Рыжскі мірны дагавор юрыдычна замацаваў незалежнасць ССРБ і гарантаваў беларусам нацыянальна-культурныя правы ў складзе польскай дзяржавы, але ў перспектыве ён не забяспечыў рэалізацыю іх правоў на духоўна-культурнае развіццё, не садзейнічаў адзінству і бяспецы народаў Усходняй Еўропы, што асабліва ярка праявілася ў верасні 1939 года.