Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.03.2021

У НАН узнагародзяць пераможцаў І Рэспубліканскага конкурсу «За што я люблю родную зямлю»

26 сакавіка 2021 года ў 11-30 у Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі адбудзецца ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў І Рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю» і ўзнагароджанне пераможцаў.

У рамках правядзення Года малой радзімы ў 2020 годзе Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі быў аб’яўлены І Рэспубліканскі конкурс творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю». Да ўдзелу ў конкурсе прымаліся напісаныя грамадзянамі Рэспублікі Беларусь самастойна ці ў сааўтарстве арыгінальныя эсэ, вершы, апавяданні, творы іншых жанраў, якія раней не дасылаліся на конкурсы і не друкаваліся.

На прапанаваную ініцыятыву адгукнуліся жыхары многіх гарадоў і вёсак з усёй Беларусі. Прадстаўнікі рознага ўзросту і прафесій дасылалі свае работы, у якіх знайшлі ўвасабленне пачуццё гонару за сваю малую радзіму, любоў да яе гераічнага мінулага і слаўнай сучаснасці, адлюстраваны дасягненні ў развіцці рэгіёнаў Беларусі і г.д. Усяго на конкурс было пададзена больш за 800 работ. Па выніках конкурсу аўтарытэтнае журы адабрала 200 лепшых у 12 намінацыях: “З легендаў і казак былых пакаленняў...”; “Натхняе родная зямля”; “Магутная сіла паэзіі”; “Скарбонка ўспамінаў”; “Старонкі мінулага”; “Краязнаўчы далягляд”; “Мінулае і сучаснасць”; “Мова маёй Радзімы”; “Маладыя галасы”; “Замілаванне родным краем”; “Родныя краявіды”; “Скарбы роднай зямлі”.


Тэгi
#анонсы