НАН Беларусі зацвердзіла План мерапрыемстваў па святкаванні 100-годдзя Інстытута беларускай культуры, на базе якога была ўтворана Акадэмія навук. Такое рашэнне прынята 23 сакавіка 2021 года на пасяджэнні Бюро Прэзідыума.
Дакумент змяшчае пералік каля трыццаці буйных мерапрыемстваў, сярод якіх – міжнародныя форумы і канферэнцыі, круглыя сталы, лекцыі і дыскусійныя пляцоўкі, арганізацыя і правядзенне кніжных выстаў, падрыхтоўка спецыяльных кніжных выданняў, навуковых і навукова-папулярных прац, прысвечаных дзейнасці Інбелкульта. Вучоныя Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Акадэміі навук запланавалі стварэнне электроннага інфармацыйнага рэсурсу «Інстытут беларускай культуры: да 100-годдзя заснавання», віртуальнай экскурсіі па экспазіцыі выставы, прысвечанай юбілею. Будзе зроблены спецыяльны нагрудны знак «У гонар 100-годдзя Інстытута беларускай культуры». Даследчыкі Інстытута гісторыі падрыхтуюць выданне гісторыка-археалагічнага зборніка, прысвечанага знамянальнай даце. Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, «дадзены план – гэта толькі аснова, на працягу года ён будзе напаўняцца новымі знакавымі мерапрыемствамі і ініцыятывамі».
Урачыстае святкаванне 100-годдзя Інстытута беларускай культуры плануецца прымеркаваць да святкавання Дня беларускай навукі ў студзені 2022 года.
30 студзеня 1922 года на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі быў створаны Інстытут беларускай культуры, вышэйшая дзяржаўная навуковая структура ў БССР, асноўнымі задачамі якой з’яўляліся арганізацыя вывучэння грамадскіх навук і каардынацыя ўсёй навуковай актыўнасці ў краіне. Пачаўшы сваю дзейнасць з даследаванняў у галіне гуманітарных навук, Інстытут беларускай культуры паступова стаў набываць характар комплекснай навуковай установы. У ліпені 1926 г. пачалася падрыхтоўка да пераўтварэння Інстытута беларускай культуры ў Акадэмію навук. Ужо ў 1928 г. у інстытуце было 15 аддзелаў, 3 камісіі, батанічны сад, хімічная лабараторыя, заалагічны музей, бібліятэка і тыпаграфія. 13 кастрычніка 1928 г. УЦВК і СНК БССР прынялі пастанову «Аб пераўтварэнні Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук».