Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.03.2021

Адбылося пасяджэнне Навукова-тэхнічнага савета Мінадукнавукі Расіі і НАН Беларусі па праграме Саюзнай дзяржавы «ДНК-ідэнтыфікацыя»

25 сакавіка 2021 г. у НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Навукова-тэхнічнага савета Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па навукова-тэхнічнай праграме Саюзнай дзяржавы «Распрацоўка інавацыйных генагеаграфічных і геномных тэхналогій ідэнтыфікацыі асобы і індывідуальных асаблівасцей чалавека на аснове вывучэння генафондаў рэгіёнаў Саюзнай дзяржавы» («ДНК-ідэнтыфікацыя»). У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел прадстаўнікі НАН Беларусі, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і выканаўцаў Праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя».

На пасяджэнні былі абмеркаваны пытанні ходу рэалізацыі Праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя», навуковай і прыкладной ацэнкі атрыманых у 2020 годзе рэзультатаў, міждзяржаўнага ўзаемадзеяння калектываў выканаўцаў Праграмы, перспектыў укаранення атрыманых у ходзе рэалізацыі Праграмы рэзультатаў у Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама маніторынгу рэалізацыі Праграмы, праведзенага Пастаянным Камітэтам Саюзнай дзяржавы за 2020 год. Адным з галоўных пытанняў стаў разгляд ходу работы па падрыхтоўцы і ўзгадненні праекта канцэпцыі новай навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы «Распрацоўка інавацыйных тэхналогій генетычнай ідэнтыфікацыі крыміналістычна значных біялагічных аб’ектаў для павышэння эфектыўнасці раскрыцця злачынстваў» («ДНК-ідэнтыфікацыя-2») на 2022 – 2026 гады.

Выступаючы перад прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, Аляксандр Кільчэўскі, намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, навуковы кіраўнік праграмы з беларускага боку, адзначыў: «ДНК-ідэнтыфікацыя – гэта дапамога крыміналістыцы і нашым медыкам. Першая задача накіравана на ідэнтыфікацыю асобы, і мы ўжо распрацавалі шэраг методык, у прыватнасці, па ўстанаўленні знешнасці чалавека (колеру вачэй і валасоў) па ДНК з дастаткова высокай дакладнасцю – каля 90% і вышэй. Ёсць поспехі і ў справе ідэнтыфікацыі ўзросту: мы вызначаем узрост чалавека па біялагічных слядах (з дакладнасцю да трох-чатырох гадоў). Важна ўстанаўліваць і псіхаэмацыянальны статус чалавека па ДНК, асабліва для тых прафесій, дзе стрэс з’яўляецца часткай жыцця».