25 сакавіка 2021 года НАН Беларусі і Нацыянальны Прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь правялі выязное прэс-мерапрыемства «Сумесныя распрацоўкі беларускіх і расійскіх вучоных у сферы стварэння і прымянення сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі» (Саюзная праграма «Інтэграцыя-СД»).
Перад прадстаўнікамі рэспубліканскіх і Саюзных СМІ выступіў дырэктар УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі Сяргей Залатой і загадчык лабараторыі УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі Сяргей Пісарэўскі. Сяргей Залатой паведаміў журналістам, што Беларусь і Расія плануюць распрацаваць каля 60 стандартаў выкарыстання касмічнай інфармацыі. «Ужо рэалізаваны сем праграм Саюзнай дзяржавы ў касмічнай сферы, зараз выконваецца восьмая – “Інтэграцыя-СД”. Сёння ў свеце актуальнай стала праблема прымянення касмічных даных і распрацоўкі адзіных правілаў. “Інтэграцыя-СД” якраз прадугледжвае распрацоўку адзіных для Беларусі і Расіі стандартаў па выкарыстанні касмічнай інфармацыі, якія будуць гарманізаваны з міжнароднымі, – расказаў ён і дадаў. – Рэалізацыя праграмы пачалася ў мінулым годзе. Беларускі бок ужо распрацаваў адзін стандарт. У лютым ён быў зацверджаны Дзяржстандартам і ўведзены ў дзеянне на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ адзін стандарт распрацавала Расія. Зараз мы з “Раскосмасам” узгадняем пералік стандартаў, якія будуць распрацаваны ў гэтым годзе».
Вучоныя расказалі журналістам і пра распрацоўку новага расійска-беларускага спадарожніка, якая ўжо пачалася. Сяргей Залатой адзначыў: «Эксклюзіўны праект падрыхтаваны. У працэсе работы над ім правяраліся магчымасці рэалізацыі тэхнічных рашэнняў, былі ўдакладнены тэхнічныя характарыстыкі апарата. Цяпер вядзецца распрацоўка канструктарскай дакументацыі». У дзейснага беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі раздзяленне 2 м. «Новы спадарожнік будзе мець раздзяляльную здольнасць 0,35 м, гэта значыць, што ступень дэталізацыі будзе нашмат вышэй. Мэтавую апаратуру будзе рабіць беларускі “Пеленг”, а саму платформу, забеспячэнне запуску бярэ на сябе Расія. Прыкладна трэцяя частка і па аб’ёме, і па фінансах – беларуская, дзве трэція – расійскія», – праінфармаваў Сяргей Залатой. У ходзе прэс-тура журналісты наведалі структурныя падраздзяленні інстытута.