Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.03.2021

Больш за 100 пераможцаў атрымалі ўзнагароды па выніках конкурсу «За што я люблю родную зямлю»

Больш за 100 пераможцаў атрымалі ўзнагароды І Рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю». Урачыстая цырымонія адбылася 26 сакавіка 2021 года ў Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі.

Выступаючы перад прысутнымі, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў: «Конкурс не толькі адлюстраваў пачуцці глыбокай любові да роднага краю, але дазволіў нам убачыць па-новаму свае цяперашняе і далейшае. У няпросты гістарычны час, калі наша грамадства выпрабоўваюць на трываласць эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, эпідэміялагічныя фактары, нашы людзі здолелі тварыць, марыць, увасабляць свае пачуцці ў мастацкай творчасці, што надае работам асаблівае эмацыянальнае гучанне і нават напаўняе іх асаблівым патрыятычным пафасам». Старшыня журы конкурсу, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Ігар Капылоў адзначыў: «Мы былі прыемна ўражаны, што на працягу ўсяго двух месяцаў у конкурсе прынялі ўдзел больш за 840 чалавек. Узроставы дыяпазон – ад шасці год да 91. Самы малодшы ўдзельнік – Цімафей Зеньчык з Вілейкі, а старэйшая ўдзельніца – Ірэна Уладзіміраўна Цюлюнова з вёскі Фальваркі Астравецкага раёна».

У рамках правядзення Года малой радзімы ў 2020 годзе Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі быў абвешчаны І Рэспубліканскі конкурс творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю». На прапанаваную ініцыятыву адгукнуліся жыхары многіх гарадоў і вёсак з усёй Беларусі. Усяго на конкурс было пададзена больш за 800 работ. Па выніках конкурсу аўтарытэтнае журы адабрала 200 лепшых у 12 намінацыях: «З легендаў і казак былых пакаленняў...»; «Натхняе родная зямля»; «Магутная сіла паэзіі»; «Скарбонка ўспамінаў»; «Старонкі мінулага»; «Краязнаўчы далягляд»; «Мінулае і сучаснасць»; «Мова маёй Радзімы»; «Маладыя галасы»; «Замілаванне родным краем»; «Родныя краявіды»; «Скарбы роднай зямлі».

Прэс-служба НАН Беларусі