Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.04.2021

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная найноўшым распрацоўкам вучоных-аграрыяў

30 сакавіка 2021 г. у Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Найноўшыя распрацоўкі айчынных вучоных-аграрыяў для падрыхтоўкі і правядзення пасяўной кампаніі».

У якасці спікераў ад НАН Беларусі на мерапрыемстве выступілі Дзмітрый Лужынскі, намеснік генеральнага дырэктара па навуцы РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве», Іна Родзькіна, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве», і Сяргей Лойка, загадчык лабараторыі апрацоўкі глебы і пасеву РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі». Яны падрабязна расказалі пра новыя распрацоўкі вучоных-аграрыяў для падрыхтоўкі і правядзення пасяўной кампаніі.

Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па навуцы НПЦ НАН па земляробстве Дзмітрый Лужынскі, неспрыяльным фактарам для раслін гэтай зімой быў снег, які не спыніў працэсы фотасінтэзу і аслабіў усходы, паколькі лёг на непрамёрзлую зямлю. Але спецыяліст упэўнены, што вясна возьме сваё і страты будуць нязначнымі. Беларускія селекцыянеры вядуць актыўную работу па вывядзенні новых гатункаў збожжавых, пладовых культур і агародніны. Пры гэтым адрозненне беларускай школы земляробства ад заходняй у тым, што там упор робіцца на распрацоўку хімікатаў для барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, а ў Беларусі спрабуюць мінімізаваць унясенне хіміі дзякуючы вывядзенню ўстойлівых да неспрыяльных фактараў гатункаў.