30 сакавіка 2021 года ў Маскве адбылося сумеснае пасяджэнне Прэзідыумаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі навук – «Расія і Беларусь: адзіная навуковая прастора».
З уступным словам да прысутных звярнуліся прэзідэнт РАН акадэмік РАН Аляксандр Міхайлавіч Сяргееў і Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў. Як адзначыў Уладзімір Гусакоў, «надзвычай важна, што мы знайшлі магчымасць сустрэцца і абмеркаваць ключавыя пытанні нашай сумеснай дзейнасці нават у такі няпросты час барацьбы з пандэміяй, калі ролю навукі немагчыма пераацаніць. Сумесныя пасяджэнні нашых акадэмій дазваляюць дэталёва прааналізаваць цяперашнія вынікі супрацоўніцтва і ствараюць базу далейшага плённага ўзаемадзеяння ў галіне навукі і тэхналогій нашых краін. Расійскія вучоныя традыцыйна ўваходзяць у кола самых блізкіх партнёраў нашай Нацыянальнай акадэміі навук, і мы лічым, што працяг цеснага супрацоўніцтва дазволіць ствараць найноўшыя тэхналогіі сусветнага ўзроўню».
На сумесным пасяджэнні Прэзідыумаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі навук разгледжаны і ўхвалены важнейшыя рэзультаты работы РАН і НАН Беларусі ў 2020 г., а таксама планы далейшай сумеснай дзейнасці.
Так, вучоныя Беларусі і Расіі разгледзелі важнейшыя вынікі дзейнасці Міжакадэмічнага савета па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы і рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы, перспектыўныя праекты праграм. Навуковая эліта дзвюх краін абмеркавала пашырэнне супрацоўніцтва ў рамках Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН), штаб-кватэра якой функцыянуе на базе НАН Беларусі. Прапанавана стварыць фонд падтрымкі навукі пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. У цяперашні час МААН аб’ядноўвае 26 арганізацый з 16 краін, сярод якіх Расія, Азербайджан, Арменія, Беларусь, Украіна, Кітай, Манголія, Малдова, Чарнагорыя, Грузія, В’етнам.
Асаблівая ўвага была нададзена ўзмацненню каардынацыі дзейнасці РАН і НАН Беларусі ў галіне новых медыцынскіх тэхналогій па рашэнні задач прафілактыкі і ліквідацыі наступстваў маштабных эпідэмій. На пасяджэнні адзначаны галоўныя складнікі паспяховага супрацоўніцтва ўстаноў НАН Беларусі з арганізацыямі РАН: шматвектарнасць акадэмічнай навукі, наяўнасць навуковых школ і маладых вучоных, магчымасць трансгранічнага партнёрства спецыялістаў. Будзе актывізавана супрацоўніцтва РАН і НАН Беларусі ў рамках Навуковага савета МААН па вірусалогіі, на рэгулярнай аснове будуць праводзіцца відэаканферэнцыі па розных пытаннях, звязаных з эпідэміялагічнай сітуацыяй.
На сумесным пасяджэнні ўхвалена навуковае суправаджэнне распрацоўкі стратэгічных напрамкаў прасторава-тэрытарыяльнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця Расіі і Беларусі на доўгі тэрмін і развіццё супрацоўніцтва ў рамках стратэгічных напрамкаў мегапраекта «Адзіная Еўразія».
На сумесным пасяджэнні Прэзідыумаў быў заслуханы даклад аб сумесных навуковых праектах у галіне сельскай гаспадаркі РАН і НАН Беларусі. Арганізацыям РАН і НАН Беларусі даручана актывізаваць узаемадзеянне ў галіне земляробства і раслінаводства (абмен селекцыйным матэрыялам сельскагаспадарчых раслін у рамках даследавання генетычных рэсурсаў), у галіне жывёлагадоўлі (селекцыйны працэс у жывёлагадоўлі, павышэнне біялагічнай каштоўнасці кармоў, прафілактыка і лячэнне найбольш распаўсюджаных інфекцыйных, інвазійных і незаразных хвароб жывёл).
Саветам маладых вучоных РАН і НАН Беларусі даручана забяспечыць эфектыўны працяг супрацоўніцтва ў частцы рэалізацыі сумесных навукова-даследчых праектаў, а таксама правядзенне сумесных навукова-тэхнічных і навукова-арганізацыйных мерапрыемстваў – форумаў, навуковых семінараў, школ маладых вучоных, круглых сталоў і інш.