19 красавіка 2021 года ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбыўся круглы стол, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння першага прэзідэнта Беларускай акадэміі навук, Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага. Арганізатары мерапрыемства – Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў.
Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (19.04.1881, в. Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. – 04.02.1931), гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1928), акадэмік Усеукраінскай акадэміі навук (1929).
— Закончыў Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт (1911).
— У 1914-1920 гг. – выкладчык, дырэктар Мінскага настаўніцкага інстытута.
— У 1920 г. – наркам земляробства БССР, у 1920-1926 гг. – наркам асветы БССР. З 1921 г. – прафесар, дэкан, намеснік рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— З 1925 г. – старшыня (з 1927 г. – прэзідэнт) Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), у 1929-1931 гг. – прэзідэнт Беларускай акадэміі навук і адначасова дырэктар Інстытута гісторыі Беларускай акадэміі навук.
— У 1925-1927 гг. – член ЦВК СССР, у 1922-1930 гг. – член ЦВК БССР, у 1924-1930 гг. – член Прэзідыума ЦВК БССР
Займаўся вывучэннем гісторыі Беларусі. Надрукаваў шэраг буйных манаграфічных даследаванняў, у тым ліку адну з першых абагульняльных прац па гісторыі Беларусі – «Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi» (1919; 5 выд., 1991). Яго манаграфія «1863 год на Беларусi: Нарыс падзей» (1930) стала першым у беларускай гістарыяграфіі буйным даследаваннем гісторыі гэтага паўстання. Значную ўвагу ўдзяляў гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і першых гадоў савецкай улады ў Беларусі. Яму належыць распрацоўка канцэпцыі нацыянальнай гісторыі з улікам марксісцка-ленінскай метадалогіі гісторыі.
Аўтар 40 навуковых і навукова-публіцыстычных прац, у тым ліку 8 манаграфій.