Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.04.2021

Завяршыла работу сесія Агульнага сходу НАН Беларусі

Завяршыла работу сесія Агульнага сходу НАН Беларусі. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Са Справаздачай аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2020 годзе і задачах на 2021 год выступіў Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, доктар хімічных навук Андрэй Іванец. Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык выступіў з дакладам «Аб змяненні Рэгламенту Агульнага сходу і Палажэння аб аддзяленні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Перад пачаткам сесіі Агульнага сходу Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў паведаміў журналістам, што за мінулы год і пяцігодку было многа зроблена. «У прыватнасці, распрацаваны новы праект касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, цяпер мы гатовыя ўзяцца за яго стварэнне. У Антарктыдзе наша экспедыцыя паспяхова завяршыла сваю місію і ўжо вяртаецца назад. У сельскай гаспадарцы выведзены цэлы шэраг найноўшых гатункаў раслін, працуюць машыны, што не саступаюць замежным аналагам па тэхналогіі і г. д. Мы дэманстравалі нашы распрацоўкі ў галіне электратранспарту, нанаматэрыялы ў розных галінах, у тым ліку накапляльнік электраэнергіі і інш.»,  патлумачыў Уладзімір Гусакоў.

Акрамя гэтага, зацверджаны сем адзіных прыярытэтаў у галіне навукі і навукова-тэхнічнай дзейнасці, распрацаваны 12 праграм фундаментальных даследаванняў на наступную пяцігодку, якія ўключаюць як вышэйназваныя напрамкі, так і больш шырокія задачы. «Мы абавязкова ўлічваем патрабаванні краіны, прапановы Урада і канечне даручэнні Кіраўніка дзяржавы, якія ставяцца перад Акадэміяй навук. У цэлым мы будзем працаваць у кантэксце задач VI Усебеларускага народнага сходу»,  падкрэсліў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

Гаворачы пра планы на бліжэйшы час, Уладзімір Гусакоў адзначыў, што ў гэтым годзе намячаецца запусціць праекты па вадароднай энергетыцы, стварэнні суперкандэнсатара (накапляльніка электраэнергіі). «Мы распрацоўваем прэпараты новага пакалення анкадзеяння, гіпатэнзіўнага дзеяння, а таксама цэлы шэраг прэпаратаў біялагічнага плана для рэгулявання росту раслін. Акрамя гэтага, запланавана стварэнне найноўшых гатункаў сельскагаспадарчых культур, пачалася праца над вывядзеннем новай пароды буйной рагатай жывёлы»,  дадаў ён.

Па выніках работы сесіі Агульнага сходу прынята Пастанова «Аб выніках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2020 годзе і задачах на 2021 год» і Пастанова «Аб змяненні Рэгламенту Агульнага сходу і Палажэння аб аддзяленні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Групе вучоных і спецыялістаў НАН Беларусі былі ўручаны ўзнагароды.