23 красавіка адбыўся Круглы стол, прысвечаны 35-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Быў абмеркаваны цэлы шэраг праблем, звязаных з пераадоленнем наступстваў катастрофы: медыка-біялагічныя наступствы ў Беларусі, асаблівасці вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі землях у далёкі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС перыяд, функцыянаванне лясных экасістэм у зоне радыеактыўнага забруджання.
Не засталіся па-за ўвагай пасляаварыйная дынаміка біяразнастайнасці расліннага покрыву ў беларускім сектары 30-км зоны вакол ЧАЭС, развіццё актуальных напрамкаў даследавання жывёльнага свету на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Былі прадстаўлены навуковыя даклады па такіх праблемах, як сацыяльна-эканамічныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы для Беларусі (35 гадоў пасля яе); беларуская дзяржаўнасць у выпрабаваннях Чарнобыльскай катастрофы (1986―1991 гг.), трагедыя Чарнобыля і яе адлюстраванне ў беларускай літаратуры. У рабоце Круглага стала прынялі ўдзел вядучыя вучоныя і спецыялісты Акадэміі навук.