Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.05.2021

XI Міжнародны навукова-практычны семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў спецыяльнасці «Лясная гаспадарка» («Лясная справа»)

17–21 мая 2021 года дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» пры ўдзеле дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк “Нарачанскі”» праводзіць XI Міжнародны навукова-практычны семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў спецыяльнасці «Лясная гаспадарка» («Лясная справа») на тэму «Дынаміка, стан і маніторынг лясных экасістэм на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях». Семінар прысвечаны 90-годдзю з дня заснавання Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі (29 сакавіка 1931 г.) і дню біялагічнай разнастайнасці (22 мая).

Мэта правядзення – умацаванне навуковых сувязей, развіццё і пашырэнне адносін паміж вучонымі, моладдзю і работнікамі спецыяльнасці «Лясная гаспадарка» («Лясная справа») акадэміі навук і вядучых ВНУ Беларусі і краін сумежных тэрыторый шляхам навуковага супрацоўніцтва, абмену вопытам, распрацоўкі сумесных праектаў і садзейнічання экалагічнай адукацыі па названай спецыяльнасці.

Падчас правядзення семінара будуць арганізаваны навукова-практычныя заняткі на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі», дзе ўдзельнікі пазнаёмяцца з лесагаспадарчай і прыродаахоўнай дзейнасцю, а таксама селекцыйна-генетычнымі аб’ектамі парку, наведаюць пункты назіранняў маніторынгу воднай і лясной расліннасці, аб’ектаў маніторынгу ахоўных відаў раслін, асобных катэгорый рэдкіх біятыпаў і/ці прымеркаваных да ўнікальных прыродных комплексаў гэтай ААПТ. На семінары плануецца разгледзець прапановы і абмеркаваць сумесныя праекты, якія будуць падавацца ў розныя фонды, дзяржаўныя праграмы (у тым ліку саюзныя), а таксама перспектывы і вынікі рэалізацыі сумесных грантаў.

Рэзультатам работы семінара стане кансалідацыя намаганняў, вопыту і ведаў вучоных, выкладчыкаў і практыкаў па пытаннях ацэнкі эфектыўнасці абмежаванняў і забарон, устаноўленых у адносінах да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і асобных суб’ектаў расліннага свету.

Для ўдзелу ў рабоце семінара зарэгістраваліся 45 чалавек, што прадстаўляюць 10 навукова-даследчых устаноў, ВНУ Беларусі і Расіі.