На выставе «Ахова здароўя Беларусі – 2021» навуковыя арганізацыі НАН Беларусі прадставяць каля 50 інавацыйных распрацовак і тэхналогій для медыцыны.
На калектыўнай экспазіцыі будуць прадэманстраваны дасягненні беларускай навукі ў галіне генетыкі і клетачнай імунатэрапіі, у стварэнні лекавых субстанцый на аснове амінакіслот і іх вытворных. Вучоныя прадставяць тэхналогіі атрымання высокаэфектыўных антысептыкаў; імунаферментных набораў і экспрэс-тэстаў для дыягностыкі інфекцыйных захворванняў, у тым ліку для дыягностыкі каронавіруса; для імплантацыі стваловых клетак пры мадэляванні паталагічных працэсаў у арганізме, тэхналогіі імуналагічнай дыягностыкі (у тым ліку ацэнка клетачнага імунітэту супраць COVID-19) і г.д.
Сярод арганізацый НАН Беларусі, што прымуць удзел у выставе, – Інстытут генетыкі і цыталогіі, Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі, Інстытут фізіялогіі, Інстытут біяарганічнай хіміі, Інстытут фізіка-арганічнай хіміі, Інстытут хіміі новых матэрыялаў, ААТ «НВА Цэнтр», Інстытут фізікі і Фізіка-тэхнічны інстытут.
18 – 21 мая 2021 г. у Мінску адбудзецца найбуйнейшы ў Рэспубліцы Беларусь XXVII Міжнародны медыцынскі форум «Ахова здароўя». Форум уключае маштабную экспазіцыю і вялікую дзелавую праграму. Мэтай форуму «Ахова здароўя» з’яўляецца павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, эфектыўнасці і інавацыйнасці нацыянальнай сістэмы аховы здароўя, развіццё айчыннай фармацэўтычнай прамысловасці і вытворчасці медыцынскага абсталявання, умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў медыцынскай сферы.
Прэс-служба НАН Беларусі