Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.05.2021

Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі адзначыў 90-гадовы юбілей

13 мая 2021 года Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі адзначыў свой 90-гадовы юбілей. У рамках урачыстых мерапрыемстваў адбылося адкрыццё музея ФТІ НАН Беларусі.

У музеі прадстаўлены гістарычны шлях і пераўтварэнне напрамкаў развіцця інстытута, паказана гістарычная спадчына вучоных, якія там працавалі і зрабілі важкі ўнёсак у яго развіццё. Там можна ўбачыць гістарычныя экспанаты распрацовак, біяграфіі кіраўнікоў установы. Таксама была прэзентавана кніга «Двигаясь вместе», у якой расказваецца пра гісторыю, дасягненні і лёсы супрацоўнікаў, якія ствараюць новыя тэхналогіі і абсталяванне. На ўрачыстым пасяджэнні з прывітальным словам ад кіраўніцтва НАН Беларусі выступіў першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык. Дырэктар інстытута Віталь Залескі падкрэсліў, што навуковая арганізацыя пастаянна развіваецца. «Мы не стаім на месцы і становімся адмысловым цэнтрам прыцягнення. Мы хочам аб’яднаць нашы намаганні з другімі інстытутамі і заводамі для рашэння агульных задач і пры дапамозе сінергетычнага эфекту дасягнуць абсалютна іншых рэзультатаў. У гэтым сутнасць нашага праекта, які мы назвалі «Акадэмтэхнаград», – адзначыў ён. Плануецца, што арганізацыі НАН, якія вядуць дзейнасць у галіне матэрыялазнаўства і тэхналогій апрацоўкі металаў, у рамках навукова-інжынірынгавага цэнтра «Акадэмтэхнаград» будуць рэалізоўваць комплексныя праекты.

Ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 90-годдзю ФТІ НАН Беларусі, прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі шэрагу арганізацый НАН Беларусі і ВНУ краіны, кіраўнікі прамысловых холдынгаў і прадпрыемстваў рэспублікі, а таксама замежныя партнёры.

Фізіка-тэхнічны інстытут быў утвораны 29 сакавіка 1931 г. на базе кафедры фізікі ў адпаведнасці з Пастановай Прэзідыума Беларускай Акадэміі навук ад 29 сакавіка 1931 года № 9 і Пастановай Савета Народных камісараў БССР 13 мая 1931 года. За гады, што мінулі з дня заснавання, Фізтэх прайшоў шлях ад невялікай навуковай установы да аднаго з самых буйных інстытутаў Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі. Цяпер Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі ўключае ў сябе 5 навуковых аддзелаў, 12 лабараторый і 2 галіновыя лабараторыі, навукова-інжынірынгавы цэнтр «Акадэмтэхнаград», вопытную вытворчасць. Тут выконваюцца работы, запатрабаваныя ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, абароннай прамысловасці, медыцыне, будаўнічай індустрыі.