Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.05.2021

Вучоныя НАН Беларусі ўдастоены Прэміі «Зоркі Садружнасці» за распрацоўкі ў галіне космасу

Вучоныя НАН Беларусі ўдастоены Прэміі «Зоркі Садружнасці» за вялікі ўнёсак у распрацоўку і паспяховую рэалізацыю беларуска-расійскіх праграм у касмічнай сферы, стварэнне навукова-тэхнічнага задзелу для развіцця касмічнай галіны Рэспублікі Беларусь, пашырэнне і ўмацаванне супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-ўдзельнікамі СНД у галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі.

У складзе беларускага навуковага калектыву – Аляксандр Тузікаў, генеральны дырэктар дзяржаўнай навуковай установы «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, член-карэспандэнт; Сяргей Залатой, дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы», кандыдат тэхнічных навук, і Сяргей Караняка, загадчык аддзела сумесных праграм касмічных і інфармацыйных тэхналогій дзяржаўнай навуковай установы «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

На працягу апошніх 20 гадоў АІПІ НАН Беларусі і УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» як галаўныя выканаўцы з беларускага боку сумесна з расійскімі калегамі паспяхова рэалізоўвалі праграмы Саюзнай дзяржавы «Космас-БР», «Космас-СД», «Космас-НТ», «Стандартызацыя-СД», «Маніторынг-СД» і выконваюць у цяперашні час праграму Саюзнай дзяржавы «Інтэграцыя-СД». Атрыманыя і планаваныя вынікі ўказаных праграм накіраваны на пашырэнне агульнай навукова-тэхнічнай і інфармацыйнай прасторы дзвюх краін, інтэграцыю іх наземных і арбітальных касмічных сродкаў, а таксама інтэлектуальных і вытворчых рэсурсаў у правядзенні даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі.

Створаная ў ходзе выканання ўказаных праграм навукова-тэхнічная прадукцыя, атрыманы навуковы і вытворчы вопыт рэалізацыі складаных праектаў у касмічнай сферы ляглі ў аснову стварэння Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якая ўключае арбітальны сегмент і наземную інфраструктуру, дазволілі шырока выкарыстоўваць у народнай гаспадарцы Беларусі рэзультаты і тэхналогіі маніторынгу Зямлі з космасу.

Поруч з гэтым атрыманыя рэзультаты далі моцны імпульс развіццю новых высокіх тэхналогій у нашых краінах, у тым ліку ў прыборабудаванні, матэрыялазнаўстве, інфармацыйных тэхналогіях.

Атрыманыя ў рамках выканання ўказаных праграм вопыт і навукова-тэхнічныя задзелы дазволілі УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» ў 2019 – 2020 гадах стаць галаўной арганізацыяй-выканаўцам, рэалізаваць міжнародны праект – навукова-даследчую работу ў рамках Еўразійскай эканамічнай камісіі – і прыступіць да рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы Еўразійскага эканамічнага саюза «Інтэграваная сістэма дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза па вытворчасці і прадастаўленні касмічных і геаінфармацыйных прадуктаў і паслуг на аснове нацыянальных крыніц даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі». З мэтамі іх паспяховага выканання было наладжана супрацоўніцтва з профільнымі арганізацыямі дзяржаў-удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза – Арменіі, Казахстана, Кіргізіі і Расіі.

Гэтыя дасягненні высока ацэнены вядучымі вучонымі і спецыялістамі касмічнай галіны Расіі, Беларусі і іншых дзяржаў-удзельніц СНД у рамках I–VII Беларускіх касмічных кангрэсаў, нарад прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады дзяржаў-удзельніц СНД па пытаннях супрацоўніцтва ў касмічнай сферы, якія праводзіў на рэгулярнай аснове з 2003 года АІПІ НАН Беларусі.

Міждзяржаўная прэмія «Зоркі Садружнасці» штогод прысуджваецца прадстаўнікам дзяржаў Садружнасці за найбольш значныя поспехі ў гуманітарнай дзейнасці на ўзроўні сусветных дасягненняў, што садзейнічаюць развіццю як кожнай з краін-удзельніц СНД, так і Садружнасці ў цэлым.

Прэс-служба НАН Беларусі
Тэгi
#прэміі