Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.05.2021

Завяршыў работу Рэспубліканскі маладзёжны форум «Беларусь інтэлектуальная»

12 мая 2021 г. у НАН Беларусі завяршыў работу Рэспубліканскі маладзёжны форум «Беларусь інтэлектуальная». Арганізатар мерапрыемства – Савет маладых вучоных Акадэміі навук. У рабоце форуму прынялі ўдзел больш за 200 маладых вучоных, навучэнцаў і студэнтаў з усіх рэгіёнаў Беларусі: пераможцы і лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, прадстаўнікі працоўнай моладзі ў адукацыі і навукаёмістых сферах эканомікі. Мэта мерапрыемства – абмеркаванне і выпрацоўка таленавітай і адоранай моладдзю прапаноў па рашэнні шырокага кола задач пабудовы Беларусі інтэлектуальнай.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Ён падкрэсліў, што ў цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь паспяхова функцыянуе цэласная сістэма работы з адоранай і таленавітай моладдзю. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі як вышэйшая навуковая арганізацыя краіны знаходзіцца на пярэднім плане работы з маладымі вучонымі. Кадрам, і асабліва моладзі, у нас надаецца пільная ўвага і першаступеннае значэнне. Пры гэтым асноўным крытэрыем у навуковай і інавацыйнай сферах з’яўляюцца не столькі колькасныя паказчыкі, колькі, у першую чаргу, прафесіяналізм і якасны патэнцыял. «Адзначым, што для моладзі ў Акадэміі навук створаны ўсе неабходныя ўмовы для навуковага і творчага росту. Галоўнае, што маладыя вучоныя атрымліваюць шанец заняць належнае ім месца ў любой на выбар навуковай і навукова-вытворчай арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

«Форум “Беларусь інтэлектуальная” ў першую чаргу праводзіцца для таго, каб вызначыць буйныя магістральныя напрамкі развіцця не толькі тэхналогій і навукі ў нашай краіне, але і грамадства ў цэлым. Сёння мы бачым, якія трансфармацыі адбываюцца з улікам лічбавізацыі абсалютна ва ўсіх галінах, адзначаем, які ўплыў гэта аказвае на грамадства і як сёння моладзь уцягнута ў гэтыя працэсы. На гэтай пляцоўцы задзейнічаны навучэнцы, студэнты, маладыя вучоныя, а таксама старэйшае пакаленне. Мы спрабуем раскрыць асноўныя напрамкі, звязаныя са штучным інтэлектам і лічбавізацыяй, адукацыяй будучага, пабудовай высокаінтэлектуальнага грамадства – усё гэта надзвычай важна для Беларусі», – адзначыў, выступаючы перад журналістамі, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук, старшыня Савета маладых вучоных Андрэй Іванец.

Фармат мерапрыемства ўключаў правядзенне секцыйных панэльных дыскусій па актуальных напрамках пабудовы Беларусі інтэлектуальнай: адукацыя ва ўмовах сучасных трансфармацый, эканоміка высокаінтэлектуальнай дзяржавы і лічбавыя тэхналогіі ў дзяржаўным кіраванні, развіццё высокаінтэлектуальнага грамадства.

У рамках правядзення Форуму з 10 па 14 мая 2021 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праходзіў Тыдзень адкрытых дзвярэй, на працягу якога можна было наведаць пастаянную выставу НАН Беларусі «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці», а таксама навуковыя арганізацыі НАН Беларусі.


Тэгi
#форумы