У НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміка Уладзіміра Гусакова адбылося чарговае пасяджэнне Рэспубліканскай міжведамаснай рабочай групы па пераадоленні COVID-19 на тэму «Ацэнка поствакцынальнага імунітэту да віруса SARS-CoV-2». У рабоце прынялі ўдзел вядучыя вучоныя Акадэміі навук, Міністэрства аховы здароўя і ўстаноў вышэйшай адукацыі медыцынскага, біялагічнага і хімічнага профілю.
З асноўнымі дакладамі выступілі Леанід Цітоў, член-карэспандэнт НАН Беларусі, замежны член РАН, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык лабараторыі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, і Тамара Амвросьева, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык лабараторыі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.
Вучоныя адзначылі асаблівасці функцыянавання імуннай сістэмы ў пацыентаў з грыпам, COVID-19 і вакцынаваных асоб, а таксама абмеркавалі першыя вынікі вакцынацыі супраць COVID-19 у Рэспубліцы Беларусь. Удзельнікамі пасяджэння была пацверджана клінічная значнасць вызначэння поствакцынальных паказчыкаў клетачнага і гумаральнага імунітэту ў прышчэпленых, выдзелены іх асаблівасці пры выкарыстанні вакцын розных вытворцаў.
Прынята рашэнне аб публікацыі зборніка дакладаў «Каронавірусная інфекцыя 2021: фундаментальныя, клінічныя і эпідэміялагічныя аспекты» па выніках правядзення пасяджэнняў Міжведамаснай групы.
Рэспубліканская міжведамасная рабочая група па пераадоленні COVID-19 была створана Пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ад 18 мая 2020 года № 223. У яе ўвайшлі больш за 30 спецыялістаў, якія прадстаўляюць акадэмічную і ўніверсітэцкую навуку: вядучыя вучоныя НАН Беларусі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі, медыкі-практыкі арганізацый сістэмы аховы здароўя краіны. Мэта Міжведамаснай групы – арганізацыя і каардынацыя дзейнасці вучоных і медыцынскіх работнікаў усёй краіны па практычнай рэалізацыі комплексаў мерапрыемстваў па пераадоленні каронавіруса.
Прэс-служба НАН Беларусі