Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.05.2021

Уладзімір Гусакоў усклаў кветкі да абеліска на 9-м км Маскоўскай шашы ва Уруччы

Напярэдадні Дня Перамогі кіраўнікі НАН Беларусі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі акадэмікам Уладзімірам Гусаковым усклалі кветкі да абеліска ва Уруччы, на 9-м км Маскоўскай шашы. Помнік усталяваны ў памяць пра 30 тысяч ваеннапалонных, савецкіх воінаў, патрызан і мірных жыхароў, расстраляных у 1941–1943 гг. На мемарыяльнай пліце выбіты імёны некалькіх дзясяткаў воінаў, загінулых у раёне Уручча.

Вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі прымалі непасрэдны ўдзел у рабоце па ўстанаўленні звестак пра масавыя пахаванні і загінулых герояў. Работы працягваюцца да гэтага часу.

«Тут знаходзяцца цэлыя могілкі ні ў чым не вінных людзей. Акадэмія навук узяла шэфства на гэтым манументам. Мы штогод яго наведваем, наводзім парадак, – адзначыў Уладзімір Гусакоў. – Не пакідаем без увагі і нашых ветэранаў, якія ў свой час працавалі ў Акадэміі. Іх засталося 46 чалавек. Да Дня Перамогі ўсіх павіншавалі і аказалі дапамогу. Для маёй сям’і 9 Мая – свята асаблівае, са слязамі на вачах. Мой бацька прайшоў усю Вялікую Айчынную, быў прызваны ў армію яшчэ ў 1939 годзе, а вярнуўся толькі ў 1946-м з раненнямі і шматлікімі ўзнагародамі. Вайна яго заспела на Украіне, а пасля ён абараняў нашу радзіму на Балтыйскім флоце. Ваявалі і іншыя мае сваякі. У вёсцы Бацвінава Чачэрскага раёна, дзе я нарадзіўся, палова мужчын, каля 50 чалавек, не вярнулася з вайны…».

Вучоныя НАН Беларусі пастаянна вядуць работу па захаванні гістарычнай памяці. У гэтым годзе пазнаёміцца з лёсамі і аповедамі ўдзельнікаў і сведак адной з самых страшных трагедый мінулага стагоддзя дазволіць Усебеларуская акцыя «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!». Увазе грамадскасці плануецца прадставіць другі том праекта.

Прэс-служба НАН Беларусі