Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.05.2021

Акцыя, прымеркаваная да Дня палярніка і сустрэчы 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, адбудзецца ў Доме Масквы

22 мая 2021 г. з 11.00 да 13.00 у Доме Масквы (вул. Камуністычная, 86) адбудзецца акцыя «Дзень палярнага кіно», прымеркаваная да Дня палярніка (21 мая*) і сустрэчы 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Арганізатары мерапрыемства – прадстаўніцтва Дзяржаўнага прадпрыемства г. Масква «Маскоўскі цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва», НАН Беларусі, Рэспубліканскі Цэнтр палярных даследаванняў НАН Беларусі і праект «Невядомыя героі поўначы».

Ва ўрачыстасцях прымуць удзел ветэраны-палярнікі (удзельнікі савецкіх і беларускіх антарктычных экспедыцый), удзельнікі 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, прадстаўнікі навуковых арганізацый Акадэміі навук: Аддзяленняў біялагічных навук, фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, хіміі і навук аб Зямлі; кіраўнікі і члены Беларускага геаграфічнага таварыства. На сустрэчу з палярнікамі розных пакаленняў запрошаны студэнты геаграфічнага і біялагічнага факультэтаў БДУ, факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прадстаўнікі Расійскага пасольства і грамадскасці краіны.

У фае Дома Масквы (11.00  11.45) будзе арганізавана выстава «Дзейнасць Рэспублікі Беларусь у Антарктыцы»; адбудзецца прэзентацыя манаграфіі «Научные исследования Беларуси в Антарктике», выдадзенай у красавіку 2021 г. (аўтар – акадэмік Уладзімір Логінаў). Будуць дэманстравацца фота- і відэаматэрыялы, разнастайныя экспанаты, звязаныя з асваеннем Ледзянога кантынента: макет Беларускай антарктычнай станцыі, калекцыі прадстаўнікоў флоры і фаўны, мінералаў і горных парод, навуковага абсталявання, што выкарыстоўваецца пры правядзенні даследаванняў (падводны апарат «Гном» і інш.).

Удзельнікам мерапрыемства будзе прадэманстраваны новы фільм аб дзейнасці 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Падчас урачыстай часткі да ўдзельнікаў палярных экспедыцый з прывітальным словам звернуцца кіраўнікі НАН Беларусі, прадстаўніцтва Дзяржаўнага прадпрыемства г. Масква «Маскоўскі цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва». Адбудзецца ўшаноўванне ўдзельнікаў 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі і паказ фільма «376 дзён на дрэйфуючай крызе» (1951 г.).

* Дзень палярніка – прафесійнае свята, устаноўленае Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў 2013 годзе ў знак прызнання заслуг палярнікаў. Адзначаецца 21 мая ў гонар адкрыцця 21 мая 1937 года першай дрэйфуючай палярнай станцыі «Паўночны полюс-1» («ПП-1»).