Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.05.2021

НАН ставіць задачу стварэння сеткі «акадэмічных» школ

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ставіць задачу стварэння сеткі «акадэмічных» школ, гімназій і ліцэяў.

Пра гэта заявіў 20 мая 2021 года Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падчас сустрэчы з дэлегацыямі кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі г. Мінска. Як адзначыў Уладзімір Гусакоў, «рабоце з моладдзю мы надаём першаступеннае значэнне. Важным кірункам на перспектыву ў нас з’яўляецца работа з навучэнцамі. У нас і зараз на пастаяннай аснове праводзяцца навукова-папулярныя лекцыі, майстар-класы для адораных школьнікаў, працуюць школы юных даследчыкаў, а таксама арганізуецца наведванне навукова-даследчых арганізацый. Важна выйсці на новы ўзровень па выяўленні і суправаджэнні таленавітых даследчыкаў, пачынаючы са школьнай парты. У сувязі з гэтым мы ставім задачу стварэння сеткі “акадэмічных” школ, гімназій і ліцэяў». Кіраўнік Акадэміі навук адзначыў, што многія школьнікі вельмі цікавяцца навукова-даследчай дзейнасцю. І важна не прапусціць гэты момант, каб у будучым маладыя людзі прысвяцілі сябе вялікай навуцы.

Як было падкрэслена на сустрэчы, асноўным складнікам маладзёжнай палітыкі ў Акадэміі навук з’яўляецца Савет маладых вучоных – пастаянны грамадскі орган пры Прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Для моладзі ў Акадэміі навук створаны ўсе неабходныя ўмовы для навуковага і творчага росту. Галоўнае, што маладыя вучоныя атрымліваюць шанец заняць належнае месца ў любой на выбар навуковай і навукова-вытворчай арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

20 мая 2021 года адбыўся візіт у НАН Беларусі дэлегацыі кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі г. Мінска. У ходзе сустрэчы былі выпрацаваны канкрэтныя крокі па выбудоўванні далейшага сістэмнага супрацоўніцтва паміж арганізацыямі сярэдняй адукацыі ў галіне навукова-даследчай работы навучэнцаў і педагогаў.

Госці наведалі пастаянную выставу НАН Беларусі «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці» і музей гісторыі НАН Беларусі.