Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.05.2021

Адбылася акцыя, прымеркаваная да Дня палярніка і сустрэчы 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

22 мая 2021 г. у Доме Масквы адбылася акцыя, прымеркаваная да Дня палярніка (21 мая) і сустрэчы 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У мерапрыемстве прыняў удзел Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел ветэраны-палярнікі (удзельнікі савецкіх і беларускіх антарктычных экспедыцый), удзельнікі 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, прадстаўнікі навуковых арганізацый Акадэміі навук: Аддзяленняў біялагічных навук, фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, хіміі і навук аб Зямлі; кіраўнікі і члены Беларускага геаграфічнага таварыства. На сустрэчу з палярнікамі розных пакаленняў былі запрошаны студэнты геаграфічнага і біялагічнага факультэтаў БДУ, факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прадстаўнікі Расійскага пасольства і грамадскасці краіны.

На выставе «Дзейнасць Рэспублікі Беларусь у Антарктыцы» ўдзельнікі беларускай антарктычнай экспедыцыі прадэманстравалі фота- і відэаматэрыялы, разнастайныя экспанаты, звязаныя з асваеннем Ледзянога кантынента. У экспазіцыі былі адлюстраваны асноўныя моманты міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі ў сістэме Дагавора аб Антарктыцы, навуковых даследаванняў, будаўніцтва Беларускай антарктычнай станцыі, яе будовы, быту. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі прадстаўніцтва Дзяржаўнага прадпрыемства г. Масква «Маскоўскі цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва», НАН Беларусі, Рэспубліканскі Цэнтр палярных даследаванняў НАН Беларусі і праект «Невядомыя героі поўначы».