Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.05.2021

Адбылася прэс-канферэнцыя «Навуковае суправаджэнне развіцця хімічнай галіны Рэспублікі Беларусь»

25 мая 2021 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Навуковае суправаджэнне развіцця хімічнай галіны Рэспублікі Беларусь», прымеркаваная да Дня хіміка.

У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі акадэмік-сакратар Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сяргей Усанаў, дырэктар Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Більдзюкевіч, загадчык аддзела фізіка-хіміі плёначных матэрыялаў ДНУ «Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі», акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Агабекаў і дырэктар ДНУ «Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі» Святлана Бабіцкая.

Як паведаміў журналістам Сяргей Усанаў, Аддзяленне хіміі і яго структуры працуюць практычна на ўсе галіны народнай гаспадаркі. У арганізацыях заняты звыш 1 тыс. чалавек. Вучоны расказаў пра найбольш важныя вынікі, дасягнутыя ў 2020 годзе: «Так, у Інстытуце агульнай і неарганічнай хіміі НАН створаны новыя тыпы сарбентаў, якія дазваляюць селектыўна выводзіць іоны цяжкіх металаў, што з’яўляюцца таксічнымі для чалавека. Таксама важным дасягненнем інстытута з’яўляецца распрацоўка ўтылізавальнай упаковачнай паперы, якая валодае бар’ернымі якасцямі і выкарыстоўваецца для захоўвання прадуктаў з павышанай тлустасцю і вільготнасцю».

Аляксандр Більдзюкевіч расказаў пра асноўныя напрамкі работы Інстытута фізіка-арганічнай хіміі. Сёння Інстытут займае пазіцыі сусветнага лідара ў сферы распрацоўкі, вырабу і выкарыстання іонаабменных валакністых матэрыялаў. Шырока вядомы паспяховыя работы Інстытута ў галіне стварэння палімерных мембран і мембранавых тэхналогій, распрацоўкі новых біялагічна актыўных кампазіцый, субстанцый лекавых прэпаратаў.

Пра сумесную работу вучоных і работнікаў вытворчасці расказаў акадэмік Уладзімір Агабекаў. Яркім дасягненнем Інстытута хіміі новых матэрыялаў стала распрацоўка тэхналогіі сінтэзу святлостабілізатара ДНС. Гэтыя вынікі былі ўкаранёныя на ААТ «СветлагорскХімвалакно», і ў гэтым годзе плануецца ўжо выпусціць каля 14,5 т прадукцыі. Таксама ў Інстытуце актыўна працуюць над стварэннем абагачаных графітам матэрыялаў для 3D-прынтынгу.

Гаворачы пра стварэнне новых лекавых прэпаратаў, дырэктар ДНУ «Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі» Святлана Бабіцкая падкрэсліла: «Сумесна з Міністэрствам аховы здароўя вучоныя выконвалі праграму па развіцці фармацэўтычнай прамысловасці. На базе Інстытута біяарганічнай хіміі НАН быў створаны НПЦ «ХімФармСінтэз» для малатанажнага выпуску высокатэхналагічных фармацэўтычных субстанцый». Інстытут выконвае шырокамаштабныя прыкладныя даследаванні, рашае актуальныя задачы ў галіне хіміі, біятэхналогій, фармацэўтыкі, арганічна спалучаючы развіццё навукі з вытворчасцю, з інтарэсамі чалавека і грамадства.