8 чэрвеня 2021 года адбылося ўрачыстае адкрыццё XII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Мікробныя біятэхналогіі: фундаментальныя і прыкладныя аспекты», прысвечанай 55-гадоваму юбілею Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі.
У праграме форуму – афіцыйныя віншаванні з нагоды 55-годдзя Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі, выстава інавацыйнай біятэхналагічнай прадукцыі, на якой былі прадстаўлены апошнія распрацоўкі арганізацый ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» і іншых буйных біятэхналагічных кампаній; прэзентацыя абсталявання для мікрабіялагічных, біяхімічных і малекулярна-біялагічных даследаванняў. У рамках канферэнцыі праведзены конкурс стэндавых дакладаў маладых вучоных, выпрацаваны прапановы па ўдасканаленні і аптымізацыі сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі.
Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі, вядучая навукова-даследчая ўстанова ў галіне мікрабіялогіі і біятэхналогіі, актыўна распрацоўвае і ажыццяўляе біятэхналагічныя праекты, якія маюць важнае эканамічнае, экалагічнае і сацыяльнае значэнне для краіны. Распрацоўкі Інстытута характарызуюцца высокай ступенню навізны і навукаёмістасці, адпавядаюць сусветнаму ўзроўню развіцця біялагічнай навукі, робяць значны ўнёсак у развіццё «зялёнай» эканомікі. За апошнія гады супрацоўнікамі Інстытута створана больш за 70 арыгінальных біятэхналогій, асваенне якіх дазваляе папоўніць айчынны рынак новымі відамі канкурэнтаздольнай экспартаарыентаванай біятэхналагічнай прадукцыі, што адпавядае V-VI тэхналагічнаму ўкладу і накіравана на рашэнне комплексных праблем народнай гаспадаркі, медыцыны і аховы навакольнага асяроддзя.
Інстытут актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні палітыкі ў галіне прамысловай біятэхналогіі, выступае галаўной арганізацыяй-выканаўцам шэрагу дзяржаўных праграм (падпраграм), праз якія рэалізуюцца прарыўныя даследаванні ў галіне мікробных тэхналогій, каардынуе дзейнасць ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», у тым ліку ў частцы маніторынгу рэалізацыі Плана развіцця біятэхналагічнай галіны Рэспублікі Беларусь.