Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.06.2021

Адбыўся візіт дэлегацыі Турэцка-Беларускага савета дзелавога супрацоўніцтва

17 чэрвеня 2021 года адбыўся візіт у НАН Беларусі дэлегацыі Турэцка-Беларускага савета дзелавога супрацоўніцтва пры Савеце па знешнеэканамічных сувязях Турцыі (DEIK) на чале са Старшынёй праўлення Йылмазам Сайджанам, а таксама прадстаўнікоў пасольства Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мустафой Азджанам.

Як адзначыў падчас перамоў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, НАН Беларусі надае асаблівую ўвагу развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Турцыяй. «У нас працяглыя сувязі з турэцкім бокам. Мы актыўна супрацоўнічаем з Турэцкім даследчым саветам па навуцы і тэхналогіях (TÜBİTAK) і Турэцкай акадэміяй навук, з якімі мы маем Пагадненні аб навуковым супрацоўніцтве. Але мы лічым, што наш навуковы патэнцыял рэалізуецца не ў поўнай меры», – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. Кіраўнік Акадэміі навук прапанаваў турэцкаму боку шырокі спектр напрамкаў для рэалізацыі.

Старшыня праўлення Турэцка-Беларускага савета дзелавога супрацоўнітва пры Савеце па знешнеэканамічных сувязях Турцыі (DEIK) Йылмаз Сайджан у сваю чаргу адзначыў, што сёння Турцыя асабліва зацікаўлена ў беларускіх інавацыях у сферы кампанентаў для электратранспарту, суперкандэнсатараў, біятэхналогій, фармацэўтыкі.

У ходзе перамоў кіраўніцтва НАН Беларусі і дэлегацыі Турэцка-Беларускага савета дзелавога супрацоўнітва пры Савеце па знешнеэканамічных сувязях Турцыі (DEIK) былі абмеркаваны перспектывы развіцця беларуска-турэцкага супрацоўніцтва ў сферы інавацыйных тэхналогій і навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх распрацовак (НДВКР). Сярод напрамкаў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, былі агучаны таксама беспілотныя лятальныя апараты, новыя біяматэрыялы, у тым ліку біяраскладальныя, лазерныя тэхналогіі, новыя гатункі сельскагаспадарчых культур, а таксама сумесныя даследаванні ў галіне назірання і кантролю за забруджваннем паветра ў Антарктыдзе. На пастаяннай выставе НАН Беларусі «Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці» госці пазнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі навуковых арганізацый НАН Беларусі.

Тэгi
#візіты