24 чэрвеня 2021 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё ІІІ Кангрэса «Навука, харчаванне і здароўе». Арганізатар мерапрыемства – Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні. У рабоце форуму, які праходзіў 24–25 чэрвеня з рэальнай прысутнасцю і ў анлайн-фармаце, прынялі ўдзел вядучыя вучоныя і спецыялісты навуковых арганізацый краіны, прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў і арганізацый харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, гандлю, устаноў адукацыі, эксперты з Расійскай Федэрацыі (Масква, Санкт-Пецярбург, Вялікі Ноўгарад, Краснадар, Крым), Малдовы, Казахстана, Арменіі і Украіны.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў Кангрэса звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.
Мэтай Кангрэса з’яўляецца абмеркаванне праблемы харчавання і здароўя чалавека і пошук эфектыўных шляхоў забеспячэння і павышэння якасці харчовай прадукцыі, прыярытэтнае развіццё навуковых даследаванняў у галіне стварэння прадуктаў харчавання; развіццё тэхналогій вытворчасці, накіраваных на павышэнне якасці харчовай прадукцыі і прасоўванне прынцыпаў здаровага харчавання ў інтэграцыйным фарміраванні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). У рамках правядзення значнага навуковага мерапрыемства было закранута шырокае кола актуальных для сучаснага грамадства праблем: арганізацыя і абмен вопытам па ацэнцы і прагназаванні якасці і бяспекі харчовай прадукцыі на ўзроўні ЕАЭС; абмеркаванне навуковых дасягненняў у галіне стварэння інавацыйных тэхналогій для прадуктаў харчавання; рэалізацыя навуковых даследаванняў у сферы вытворчасці і абарачэння бяспечных і якасных прадуктаў як асновы харчавання і здароўя чалавека; аналіз і абмеркаванне сучасных тэндэнцый у галіне дасягнення і кіравання якасцю і бяспекай харчовай сыравіны і прадукцыі на міжнародным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях; папулярызацыя айчынных распрацовак у галіне вытворчасці харчовай прадукцыі для здаровага харчавання, у тым ліку са зніжаным утрыманнем тлушчу, цукру, солі, а таксама спецыялізаванай і абагачанай харчовай прадукцыі.
Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні – вядучая навуковая арганізацыя рэспублікі, якая ажыццяўляе навукова-тэхнічнае суправаджэнне ўсіх галін харчовай прамысловасці. За 20-гадовы перыяд распрацаваныя і ўкаранёныя 170 праектаў, 7158 тэхналагічных інструкцый, 12 253 новыя віды прадукцыі, рэцэптуры. Праведзена звыш 350 тысяч выпрабаванняў прадукцыі і выдадзена больш за 25 тысяч сертыфікатаў адпаведнасці, апублікавана звыш 3800 друкаваных прац, атрыманы 232 патэнты на вынаходніцтва, 15 медалёў і 105 дыпломаў за ўдзел у выставах, праведзены 484 навукова-практычныя канферэнцыі і семінары. Вытворчымі структурнымі падраздзяленнямі выраблена звыш 250 адзінак тэхналагічнага абсталявання. Двойчы па выніках работы за 2017 і 2020 гады Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні з’яўляўся лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці.