Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.06.2021

У НАН Беларусі будзе створаны «IT-горад Акадэмічны»

Навукова-тэхнічны цэнтр лічбавых тэхналогій «IT-горад Акадэмічны» будзе створаны на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі і Інстытута матэматыкі Акадэміі навук. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Бюро Прэзідыума НАН Беларусі.

Мэта стварэння цэнтра – аб’яднанне намаганняў і кампетэнцый арганізацый, што працуюць у галіне інфармацыйных тэхналогій, для рашэння актуальных задач сацыяльна-эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. У адрозненне ад ПВТ асноўныя намаганні ў IT-горадзе будуць накіраваны на забеспячэнне навукаёмістымі лічбавымі тэхналогіямі рэальнага сектара эканомікі Рэспублікі Беларусь. Як падкрэсліў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, «у нас павінна быць акадэмічная кааперацыя па рашэнні буйных задач, якія стаяць перад эканомікай краіны. Неабходна аб’яднаць навуковы патэнцыял вучоных, намаганні нашых арганізацый для прыняцця інтэграцыйных рашэнняў вялікіх практычных праблем народна-гаспадарчага комплексу».

Асноўныя задачы «IT-горада Акадэмічны»: распрацоўка імпартазамяшчальных лічбавых тэхналогій для прадпрыемстваў розных формаў уласнасці; экспарт лічбавых тэхналогій і паслуг, што прайшлі айчынную апрабацыю, на знешнія рынкі; развіццё навукова-тэхнічнага і вытворчага патэнцыялу падраздзяленняў удзельнікаў у галіне інфармацыйных тэхналогій; кансультацыйныя і адукацыйныя паслугі; навуковая экспертыза і суправаджэнне інавацыйных і навукова-тэхнічных праектаў розных узроўняў.

На дадзены момант ёсць дамоўленасць аб удзеле ў «IT-горадзе Акадэмічны» цэлага шэрагу арганізацый НАН Беларусі: Інстытута фізікі, Інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава, Інстытута прыкладной фізікі, Міжгаліновага навукова-практычнага цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі і электронных дзелавых аперацый, Аб’яднанага інстытута машынабудавання, Інстытута біяарганічнай хіміі і іншых. Мяркуецца, што ў працэсе дзейнасці Цэнтра да яго далучацца профільныя арганізацыі іншай ведамаснай падпарадкаванасці і прыватныя кампаніі.

Плануецца, што Цэнтр будзе займацца лічбавым праектаваннем і камп’ютарным мадэляваннем; тэхналогіямі апрацоўкі, аналізу і выкарыстання даных; тэхналогіямі аховы і гарантаваннем бяспекі інфармацыйных сістэм; правядзеннем экспертызы праграмнага забеспячэння, якое выкарыстоўваецца і распрацоўваецца, з прыцягненнем вынікаў эксперыментальных даследаванняў. Так, напрыклад, у галіне лічбавага праектавання і камп’ютарнага мадэлявання ўдзельнікі IT-горада маюць вопыт выкарыстання тэхналогіі распрацоўкі і суправаджэння лічбавых двайнікоў (Digital Twin) разнастайных аб’ектаў, тэхнічных, фізічных і тэхналагічных працэсаў. Удзельнікі таксама будуць ажыццяўляць камп’ютарнае мадэляванне, праектаванне і распрацоўку сістэм прыняцця рашэнняў для прадпрыемстваў прамысловасці, транспарту і лагістыкі, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, здабычы і перапрацоўкі прыродных рэсурсаў.