1 ліпеня 2021 г. у 14.00 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбудзецца Круглы стол «Гуманітарная навука – беларускаму грамадству», прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі навуковых арганізацый Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, вядучыя вучоныя-гуманітарыі краіны.
За гады незалежнасці нашай краіны вучоныя-гуманітарыі значна актывізавалі навуковыя даследаванні, накіраваныя не толькі на асвятленне гісторыі беларускага народа, але і на ўмацаванне міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, развіццё культуры і ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці. У 2016–2021 гадах установамі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі атрыманы шэраг арыгінальных навуковых вынікаў, запатрабаваных беларускім грамадствам. Гэтай мэце паслужыла завершаная ў 2020 годзе дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства», якая дазволіла аб’яднаць намаганні акадэмічных вучоных і даследчыкаў з ВНУ краіны. За час выканання праграмы падрыхтаваны і апублікаваны такія фундаментальныя выданні, як «Беларусы», «Гарады і вёскі Беларусі», «Нарысы гісторыі культуры», «Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы», «Вклад белорусского народа в Победу в Великой Отечественной войне», «Страна в огне», першы ў Еўропе «Вялікі гістарычны атлас», першы і адзіны ў свеце 37-томны «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», арыгінальныя выданні «История белорусской государственности», «Республика Беларусь 25 лет созидания и свершений». У 2016–2020 гадах у рамках названай праграмы гуманітарыямі краіны было апублікавана больш за 20 тысяч навуковых прац, з якіх амаль 4500 у замежных навуковых выданнях. Падрыхтавана і выдадзена 2066 кніжных выданняў, у тым ліку 626 манаграфій, 248 даведнікаў і энцыклапедый, 403 зборнікі навуковых прац.
З 2021 года работа вучоных-гуманітарыяў накіравана на рэалізацыю новай дзяржаўнай даследчай праграмы «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы».