Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.07.2021

Інстытуту эканомікі – 90 гадоў

30 чэрвеня 2021 года ў НАН Беларусі адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 90-годдзю Інстытута эканомікі НАН Беларусі і Дню эканаміста (30 чэрвеня). У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядучыя эканамісты краіны, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў.

З дакладам, прысвечаным дасягненням супрацоўнікаў навуковай арганізацыі, выступіў дырэктар Інстытута эканомікі Васіль Гурскі.

Як адзначыў, выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір Гусакоў, «сусветная эканоміка становіцца іншай. Транснацыянальныя кампаніі і карпарацыі, якія валодаюць буйнымі сыравіннымі і фінансавымі рэсурсамі, нацэлены не на «чэсную» канкурэнтную барацьбу, а на захоп новых рынкаў любым спосабам. Канкурэнцыя ў класічным разуменні засталася ў мінулым. Гэта толькі для краін, што развіваюцца, па-ранейшаму насаджваюцца ўтапічныя ідэі свабоднай, рыначнай эканомікі, дзе дзяржаве не дазволена нават абараняць інтарэсы свайго нацыянальнага вытворцы». Ён падкрэсліў, што неабходна знайсці новыя драйверы развіцця эканомікі і механізмы дасягнення эканамічнай бяспекі краіны, якія ў стане стварыць доўгатэрміновую ўстойлівасць і якасць эканамічнага росту: «Сёння неабходны пошук па-сапраўднаму новых шляхоў, формаў і механізмаў, якія далі б магчымасць не толькі захаваць дасягнуты ўзровень развіцця эканомікі, але і значна яго паскорыць, зрабіць устойлівым нягледзячы на ўсе выклікі і пагрозы».

За вялікі ўнёсак у развіццё тэорыі і метадалогіі нацыянальнай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, стварэнне беларускай эканамічнай школы і ў сувязі з 90-годдзем калектыў Інстытута эканомікі ўзнагароджаны Ганаровай Граматай НАН Беларусі. Вялікай групе вучоных навуковай арганізацыі былі ўручаны ўзнагароды.

Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў заснаваны ў 1931 годзе ў ведамстве Беларускай акадэміі навук і з’яўляецца вядучым даследчым цэнтрам краіны ў галіне эканамічнай навукі. Ужо больш за 90 гадоў Інстытут праводзіць фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні па актуальных праблемах нацыянальнай і сусветнай эканомікі, выяўляе прынцыпова новыя шляхі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Інстытут эканомікі НАН Беларусі актыўна працуе ў кірунку распрацоўкі практычных рэкамендацый па сацыяльна-эканамічнай палітыцы, выступае навуковым экспертам важнейшых навуковых, навукова-тэхнічных і народнагаспадарчых праграм, інавацыйных праектаў, а таксама праектаў нарматыўных прававых актаў па эканоміцы.

Пресс-служба НАН Беларуси
Тэгi
#сход