Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.08.2021

Сучасныя аспекты клінічнага праяўлення COVID-19 абмеркавалі ў НАН Беларусі

У НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова адбылося чарговае пасяджэнне Рэспубліканскай міжведамаснай рабочай групы па пераадоленні COVID-19, удзельнікі якога абмеркавалі сучасныя аспекты клінічнага праяўлення інфекцыі і асаблівасці фарміравання спецыфічнага імунітэту.

У рабоце прынялі ўдзел больш за 40 вядучых вучоных Акадэміі навук, Міністэрства аховы здароўя і ўстаноў вышэйшай адукацыі медыцынскага, біялагічнага і хімічнага профілю. З асноўнымі дакладамі выступілі Ігар Карпаў, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры УА «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт», і Андрэй Ганчароў, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, дырэктар ДНУ «Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі».
Вучоныя адзначылі асаблівасці новых варыянтаў віруса SARS-CoV-2, якія выклікаюць заклапочанасць у свеце, сучасныя рэкамендацыі па лячэнні цяжкіх формаў захворвання і мінімізацыі ўскладненняў. Спецыялісты абмеркавалі рэзультаты даследаванняў спецыфічнага клетачнага імунітэту ў пацыентаў, якія перанеслі COVID-19, і асоб, вакцынаваных супраць новай каронавіруснай інфекцыі. Удзельнікамі пасяджэння была пацверджана значнасць аператыўных даных па распаўсюджанні новых формаў каронавіруса для своечасовай дыягностыкі і лячэння клінічных праяўленняў хваробы, выдзелены асаблівасці фарміравання постінфекцыйнага і поствакцынальнага клетачнага імунітэту.

Праводзіцца падрыхтоўка зборніка дакладаў па рэзультатах правядзення пасяджэнняў Міжведамаснай групы «Каронавірусная інфекцыя 2021: фундаментальныя, клінічныя і эпідэміялагічныя аспекты» для публікацыі матэрыялаў.