Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.08.2021

Беларусь у Антарктыцы 15 гадоў!

18 жніўня 2021 года ў НАН Беларусі адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 15-годдзю ўдзелу Рэспублікі Беларусь у вывучэнні Антарктыкі*.

У мерапрыемствах прыняла ўдзел дэлегацыя Расгідрамета і Расійскай антарктычнай экспедыцыі Федэральнай бюджэтнай установы «Інстытут Арктыкі і Антарктыкі» (г. Санкт-Пецярбург). У праграме – Міжнародная навуковая канферэнцыя, выстава «Беларусь у Антарктыцы: 15 гадоў рэгулярных навуковых і экспедыцыйных даследаванняў», пашыранае пасяджэнне Міжведамаснай камісіі па пытаннях Антарктыкі. У Акадэміі навук сабраліся ўдзельнікі Беларускіх антарктычных экспедыцый розных гадоў, супрацоўнікі арганізацый Аддзяленняў біялагічных навук, фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі, якія ўдзельнічаюць у антарктычнай тэматыцы, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў краіны, члены Міжведамаснай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях Антарктыкі, маладыя вучоныя.

Як падкрэсліў, выступаючы падчас урачыстых мерапрыемстваў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, Беларусь валодае ўсімі магчымасцямі для далейшага развіцця палярных даследаванняў. «Беларусь мае фінансавыя, навукова-тэхнічныя магчымасці, кадравы патэнцыял для далейшага развіцця антарктычных і арктычных даследаванняў. Прызнаючы неабходнасць захавання Антарктыкі і яе ўнікальных прыродных экасістэм для будучых пакаленняў, Беларусь пацвярджае сваю адданасць мэтам і прынцыпам Дагавора аб Антарктыцы. Мы адкрытыя для ўсталявання адносін навуковага і дзелавога супрацоўніцтва з усімі міжнароднымі і нацыянальнымі ўстановамі і арганізацыямі, для якіх як сама Антарктыка, так і наша дзейнасць у Антарктыцы ўяўляюць інтарэс у навуковых і практычных адносінах», – сказаў Уладзімір Гусакоў. Па ягоных словах, беларускімі вучонымі шмат зроблена, але, безумоўна, наперадзе яшчэ больш работы. «У першую чаргу, палепшыць аснашчанасць стацыянарнай антарктычнай станцыі і сезонных экспедыцый навуковымі прыборамі і абсталяваннем. Нам належыць стварыць больш шырокі кадравы рэзерв вучоных і спецыялістаў палярнага профілю, паколькі расшырэнне экспедыцый патрабуе фарміравання шматлікай каманды даследчыкаў і спецыялістаў, дзе сплаў вопыту і маладосці дазволіць рашыць пастаўленыя перад экспедыцыяй задачы», – упэўнены Старшыня Прэзідуыма.
Удзельнікам палярных даследаванняў у Антарктыцы розных гадоў былі ўручаны Ганаровыя Дыпломы.

На выставе «Беларусь у Антарктыцы: 15 гадоў рэгулярных навуковых і экспедыцыйных даследаванняў» можна было пабачыць унікальныя гістарычныя фотаматэрыялы аб удзеле беларускіх палярнікаў у саставе Савецкіх антарктычных экспедыцый (САЭ), Беларускіх антарктычных экспедыцый (БАЭ), фотаздымкі і макет Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя». Тэматычная экспазіцыя была прадстаўлена экспанатамі і ілюстрацыйнымі матэрыяламі па напрамках навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў Антарктыцы беларускімі вучонымі: калекцыя прадстаўнікоў флоры і фаўны, мінералаў і горных парод, навуковае абсталяванне і прыборы, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні даследаванняў у Антарктыцы. Усе зацікаўленыя маглі атрымаць кансультацыі па розных кірунках дзейнасці і навуковых даследаванняў у Антарктыцы. Была арганізавана дэманстрацыя слайд-шоу з лепшымі фотаработамі, зробленымі супрацоўнікамі БАЭ у Антарктыцы.

На Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 15-годдзю ўдзелу Рэспублікі Беларусь у вывучэнні Антарктыкі, былі разгледжаны гісторыя станаўлення і развіцця навуковых даследаванняў у Антарктыцы; асноўныя вынікі і перспектыўныя напрамкі навуковых даследаванняў у Антарктыцы, а таксама вынікі і перспектывы дзейнасці Беларускіх антарктычных экспедыцый. Быў паказаны дакументальны фільм, прысвечаны гісторыі вывучэння Лядовага кантынента.

У жніўні 2006 г. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1104 зацверджана першая Дзяржаўная мэтавая праграма «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2007-2010 гады і на перыяд да 2015 г.».
Прэс-служба НАН Беларусі