19 жніўня 2021 года на базе Нацыянальнага Прэс-цэнтра Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Беларусь інтэлектуальная. Сучасная экасістэма інавацый» (па Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады).
У мерапрыемстве ад НАН Беларусі прынялі ўдзел Андрэй Іванец, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, доктар хімічных навук; Валерый Ганчароў, дырэктар ДНУ «Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат эканамічных навук; Аляксандр Гатоўскі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ «Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат эканамічных навук. Яны падрабязна расказалі пра сучасную інфраструктуру навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, комплексныя «праекты будучыні», фінансаванне навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці і г.д. Асаблівая ўвага была нададзена ўкараненню рэзультатаў навуковай дзейнасці ў эканоміку краіны.
Выступаючы на прэс-канферэнцыі, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Іванец адзначыў: «У 2021 годзе ўкараняюцца больш за 470 распрацовак вучоных НАН Беларусі. Гэта вельмі шырокі комплекс распрацовак, і мы мяркуем, што выпуск прадукцыі па іх складзе не меней за $700 млн у гэтым годзе. У прыватнасці, па напрамку біятэхналагічных вытворчасцей у гэтым годзе ўкараняюцца каля 30 распрацовак. Агульны аб’ём выпуску прадукцыі, які плануем завяршыць у 2021 годзе, больш за $4,5 млн. У агракомплексе – больш за 250 распрацовак (каля $1,5 млрд). У фармацэўтыцы і медыцыне - больш за 40 распрацовак, якія плануецца завяршыць часткова ў гэтым годзе. Агульны аб’ём выпуску прадукцыі мяркуецца прыблізна на ўзроўні $5 млн».