Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.09.2021

Адбыўся міждысцыплінарны Круглы стол «МЫ РАЗАМ», прысвечаны Дню народнага адзінства

17 верасня 2021 года ў НАН Беларусі адбыўся міждысцыплінарны Круглы стол пад дэвізам «МЫ РАЗАМ», прысвечаны Дню народнага адзінства. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядучыя вучоныя Акадэміі навук, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, вучнёўская моладзь.

Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, выступаючы перад удзельнікамі Круглага стала, «у няпростых сучасных абставінах мы павінны працягваць работу па аднаўленні гістарычнай праўды як састаўной часткі дзяржаўнай палітыкі ў галіне захавання гістарычнай памяці беларускага народа і выхавання маладога пакалення. Мы не можам забываць трагічныя ўрокі гісторыі, мусім скіроўваць свае намаганні на ўмацаванне незалежнасці нашай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь, садзейнічаць умацаванню міжнацыянальнага і міжканфесійнага адзінства. Толькі кансалідаванае грамадства ў стане супрацьстаяць знешнім і ўнутраным пагрозам і захаваць незалежнасць, суверэнітэт і дзяржаўную цэласнасць».

У часе Круглага стала вучонымі былі падняты тэма значэння ўз’яднання беларускага народа ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці, дадзена гістарычная ацэнка ідэалагічных і светапоглядных асноў нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі і ўз’яднання беларускай нацыі як залогу яе інтэлектуальнага развіцця. На форуме асветлены вынікі апошніх сацыялагічных даследаванняў вучоных, у якіх прааналізаваны адносіны жыхароў Беларусі да свайго гістарычнага мінулага. Даследчыкі паказалі, як дата 17 верасня 1939 года знайшла адлюстраванне ў беларускай паэзіі, паўплывала на гісторыю філасофскай і грамадска-палітычнай думкі краіны.

Падчас мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава «Уз’яднанне беларускага народа ў адзіную дзяржаву: гісторыя далучэння Заходняй Беларусі да БССР». Перад удзельнікамі выступілі супрацоўнікі навуковых арганізацый Акадэміі навук з аўтарскімі вершамі, прысвечанымі роднаму краю і беларускаму народу, музычная капэла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, дзіцячыя творчыя калектывы.