Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.09.2021

21-24 верасня 2021 года праходзіць PRIP-2021 – 15-я Міжнародная канферэнцыя па распазнаванні вобразаў і апрацоўцы інфармацыі

Дэвіз канферэнцыі – «Штучны інтэлект: перад тварам выклікаў».

З моманту першай канферэнцыі ў 1991 годзе PRIP быў месцам, дзе вучоныя, даследчыкі і інжынеры збіраліся разам і абмяркоўвалі фундаментальныя і прыкладныя навукі ў галіне распазнавання вобразаў і апрацоўкі інфармацыі, апошнія распрацоўкі ў галіне машыннага навучання і камп’ютарнага зроку. АІПІ НАН Беларусі, БДУІР і БДУ былі ідэальнымі пляцоўкамі для сустрэч з калегамі для абмену найноўшымі тэхнічнымі ведамі, новымі ідэямі і вопытам. У наш няпросты час, калі сустрэчы фізічна малаверагодныя, мы вырашылі, што PRIP-2021 будзе праходзіць анлайн! Мы будзем свабодна трансліраваць усе сесіі, што дазволіць нам наладзіць сувязь вядомых вучоных з прадстаўнікамі шырокай навуковай грамадскасці, уключаючы маладое пакаленне. Спікерамі канферэнцыі пагадзіліся быць вучоныя з ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Германіі, Італіі і Нідэрландаў. Мерапрыемства прысвечана як тэарэтычным асновам метадаў штучнага інтэлекту, так і іх выкарыстанню.

Канцэпцыя штучнага інтэлекту (ШІ) ужо трывала ўвайшла ў наша паўсядзённае жыццё. Аднак да гэтага часу няма адзінага меркавання пра тое, якое кола задач можна вырашыць з дапамогай гэтых тэхналогій. Злоўжыванне ці прымусовае выкарыстанне метадаў – гэта, сярод іншага, і пытанні этыкі, якія мы таксама будзем абмяркоўваць у разрэзе развіцця сучаснага інфармацыйнага грамадства і кібернетыкі. Паспяховыя прыклады выкарыстання штучнага інтэлекту, у тым ліку ў барацьбе з пандэміяй,  яшчэ адно пытанне для абмеркавання на нашай канферэнцыі ў гэтым годзе. Канферэнцыя дае выдатную магчымасць вучоным, даследчыкам і інжынерам абмяняцца найноўшымі тэхнічнымі ведамі, ідэямі і вопытам, вызначыць далейшыя шляхі развіцця навукі ў галіне распазнавання вобразаў і апрацоўкі інфармацыі.