Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.09.2021

На 130-й сесіі Вучонага савета АІЯД, якая завяршылася 24 верасня 2021 года, сустаршынёй Вучонага савета на тры гады быў абраны вядомы беларускі фізік акадэмік Сяргей Кілін

Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў – міжнародная міжурадавая арганізацыя, створаная на аснове Пагаднення, падпісанага адзінаццаццю краінамі-заснавальніцамі 26 сакавіка 1956 г., і зарэгістраваная ААН 1 лютага 1957 г.

АІЯД тэрытарыяльна размешчаны ў горадзе Дубна Маскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Гэта сусветна вядомы навуковы цэнтр, які з’яўляецца ўнікальным прыкладам паспяховай інтэграцыі фундаментальных тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў з распрацоўкай і прымяненнем найноўшых тэхналогій і ўніверсітэцкай адукацыяй. Рэйтынг АІЯД у сусветнай навуковай супольнасці вельмі высокі.

Членамі АІЯД сёння з’яўляюцца 18 дзяржаў: Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Балгарыя, Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам, Грузія, Рэспубліка Казахстан, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Рэспубліка Куба, Рэспубліка Малдова, Манголія, Рэспубліка Польшча, Расійская Федэрацыя, Румынія, Славацкая Рэспубліка, Рэспубліка Узбекістан, Украіна, Чэшская Рэспубліка. На ўрадавым узроўні заключаны Пагадненні аб супрацоўніцтве Інстытута з Венгрыяй, Германіяй, Егіптам, Італіяй, Сербіяй і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. У адпаведнасці са Статутам Інстытут ажыццяўляе сваю дзейнасць на прынцыпах адкрытасці для ўдзелу ўсіх зацікаўленых дзяржаў, іх раўнапраўнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Навуковую палітыку АІЯД выпрацоўвае Вучоны савет, у склад якога ўваходзяць буйныя вучоныя, якія прадстаўляюць дзяржавы-члены, а таксама вядомыя фізікі Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Індыі, Італіі, Кітая, ЗША, Францыі, Швейцарыі, Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў (ЦЭРН) і інш.

Беларусь як краіна-ўдзельнік АІЯД ад самага пачатку інстытута актыўна ўдзельнічае ў яго дзейнасці. Беларускія вучоныя, сумесна з калегамі з іншых краін, удзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні эксперыментаў, што прывялі да адкрыцця базона Хігса. У апошні час вучоныя НАН Беларусі распрацавалі і пусцілі ў вытворчасць унікальныя звышправодныя рэзанатары, неабходныя для рэалізацыі праекта NICA (Nuclotron based Ion Collider fAcility) – новага паскаральнага комплексу, які ствараецца на базе Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў з мэтай вывучэння ўласцівасцей шчыльнай барыённай матэрыі.


Тэгi
#саветы