Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.10.2021

Адбылася міжнародная канферэнцыя «30 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы»

Больш за 300 прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, органаў СНД, вядучых вучоных і спецыялістаў, кіраўнікоў найбуйнейшых навуковых і навучальных арганізацый шэрагу дзяржаў, уключаючы дэлегацыі ад Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «30 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы», якая адбылася 27-29 верасня 2021 года.

Праграма форуму прадугледжвала правядзенне пленарных пасяджэнняў на базе НАН Беларусі і Выканкама СНД, а таксама правядзенне секцыйных пасяджэнняў. Як адзначыў, адказваючы на пытанні журналістаў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, вучоныя з розных краін прыехалі ў Мінск, каб падзяліцца вопытам у розных сферах. «Экалогія, клімат – рашэнне такіх пытанняў патрабуе аб’яднання намаганняў. Праблема харчавання таксама актуальная. Да цяперашняга часу нямала людзей на планеце пакутуюць ад голаду. У парадку дня і каронавірусная інфекцыя. Кітайскія калегі раскажуць пра распрацоўку сваёй вакцыны, пра прафілактыку і барацьбу з пандэміяй. У нас таксама ёсць добрыя напрацоўкі, мы гатовы падзяліцца вопытам. Усіх нас цікавіць і электратранспарт, накапляльнікі энергіі», – адзначыў Старшыня Прэзідыума.

Па выніках работы ў секцыях вынесены рэкамендацыі, якія вырашана ў поўным аб’ёме накіраваць у профільныя органы галіновага супрацоўніцтва для іх практычнай рэалізацыі. Таксама ў якасці асновы прыняты праект Рэзалюцыі, які ў хуткім часе будзе дапрацаваны з улікам заўваг і прапаноў, што прагучалі на пленарным пасяджэнні. Пасля ўзгаднення дакумент будзе накіраваны ў дзяржавы-ўдзельнікі СНД. Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі будзе выдадзены зборнік усіх дакладаў і выступаў, які змогуць выкарыстаць зацікаўленыя ведамствы ў рабоце па ўдасканаленні дзейнасці СНД.