Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.10.2021

Завяршыла працу XVIII Міжнародная навуковая канферэнцыя маладых вучоных «Моладзь у навуцы –2.0’21»

27–30 верасня 2021 года адбылася XVIII Міжнародная навуковая канферэнцыя маладых вучоных «Моладзь у навуцы – 2.0’21».

Канферэнцыя з’яўляецца не толькі адным з найбуйнейшых маладзёжных навуковых мерапрыемстваў у Беларусі, але і прэстыжнай пляцоўкай для прэзентацыі праектаў таленавітай моладзі краін СНД, а таксама блізкага і дальняга замежжа. У форуме прынялі ўдзел каля 250 маладых даследчыкаў: вучоныя НАН Беларусі, прадстаўнікі ВНУ, сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў, школьнікі краіны, госці з Расіі, Казахстана, Азербайджана, Арменіі, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Малдова, кіраўнікі Саветаў маладых вучоных Акадэмій навук-членаў МААН (Міжнароднай Асацыяцыі акадэмій навук). Ва ўрачыстым адкрыцці прыняў удзел Пармон Валянцін Мікалаевіч, акадэмік, віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, старшыня Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук.

Як расказаў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі, доктар хімічных навук Андрэй Іванец, «Нашы маладыя вучоныя ў звязцы са старшымі калегамі працуюць над стварэннем лекавых прэпаратаў супраць каронавіруса, выкарыстоўваючы актыўныя прыёмы біяінфарматыкі і камп’ютарнага мадэлявання. І для гэтага ёсць усе ўмовы: Рэспубліканскі камп’ютарны цэнтр, добрая школа генетыкаў, моцныя біяхімікі. Усё гэта дазваляе дасягнуць сур’ёзнага эфекту. Беларускія вучоныя актыўна працуюць у галіне штучнага інтэлекту. Паколькі мы з’яўляемся аграрнай краінай, ёсць і распрацоўкі аграпрамысловых і прамысловых тэхналогій, звязаных з Індустрыяй 4.0, а таксама робатызаваныя комплексы, беспілотны транспарт».
Па выніках работы канферэнцыі лепшым дакладчыкам былі ўручаны ўзнагароды.