Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў XV Міжнародную навукова-тэхнічную канферэнцыю «Распазнаванне вобразаў і апрацоўка інфармацыі» («Pattern Recognition and Information Processing. Artificial Intelligence: Facing The Challenges», PRIP’2021).
Канферэнцыя праводзілася адзіным інфармацыйным патокам і трансліравалася ў Youtube на працягу ўсіх чатырох дзён. Агульная працягласць трансляцый склала больш за 30 гадзін. За гэты час на канферэнцыі выступілі 75 спікераў з 18 краін, уключаючы ЗША, Канаду і Кітай – краіны з рознымі часавымі паясамі, што выклікала пэўныя цяжкасці з анлайн удзелам. Для заслухоўвання і публікацыі ў працах канферэнцыі былі ўхвалены 53 даклады з 90 атрыманых заявак.
Галоўная тэма – пытанні штучнага інтэлекту і праблемы апрацоўкі інфармацыі, з якімі сутыкаецца сучасны навуковы свет. У сувязі з гэтым асаблівасцю названай канферэнцыі сталі выступленні выдатных замежных вучоных, сярод якіх Руслан Салакхудзінаў, канадскі вучоны татарскага паходжання, прафесар дэпартамента машыннага навучання Школы камп’ютарных навук Універсітэта Карнэгі-Мэлан.
На канферэнцыі былі таксама прадстаўлены праекты ў галіне прымянення метадаў штучнага інтэлекту, распрацаваныя беларускімі вучонымі. Нашы вучоныя ў гэтай галіне маюць дасягненні як на нацыянальным, так і на сусветным узроўні ў рамках вялікіх праектаў. Адным з прыкладаў з’яўляецца дыягностыка туберкулёзу на аснове аналізу даных з прымяненнем метадаў глыбокага навучання. Другое прымяненне тэхналогій штучнага інтэлекту – пошук і маніторынг аб’ектаў па даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
Упершыню ў гісторыі PRIP партнёрам канферэнцыі стала Асацыяцыя GÉANT – фундаментальны элемент еўрапейскай электроннай інфраструктуры, які забяспечвае агульнаеўрапейскую сетку для патрэб навукі і адукацыі. Дзякуючы такому партнёрству на канферэнцыі было арганізавана нон-стоп функцыянаванне анлайн платформы, а нацыянальная сетка BASNET забяспечыла хостынг. У рамках спецыяльнай сесіі (GÉANT Session) удзельнікі змаглі размаўляць з запрошанымі дакладчыкамі з Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Арменіі, Італіі, Грэцыі, Польшчы і Харватыі. Яркай падзеяй стала сумеснае выступленне Пьера-Філіпа Мацьё, дырэктара офіса Ф-Lab Еўрапейскага касмічнага агенцтва, і яго калег па галіне.
На канферэнцыі была арганізавана віртуальная панэль «Праблемы штучнага інтэлекту і сучаснае інфармацыйнае грамадства: адукацыя, навука, бізнес і заканадаўства» з удзелам спецыялістаў з Беларусі, Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі і Харватыі.
Разгорнутую гісторыю канферэнцыі PRIP’2021 можна паглядзець на сайце (https://www.prip.by/2021/).