Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.10.2021

НАН Беларусі прадставіць на «EnergyExpo’ 2021» звыш 50 распрацовак

Больш за 50 распрацовак прадставяць арганізацыі НАН Беларусі на Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра» (EnergyExpo’ 2021), якая праходзіць 12–15 кастрычніка 2021 года ў рамках XХV Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму.

Сёння адна з прыярытэтных задач біятэхналогіі – стварэнне біяраскладальных матэрыялаў для рашэння глабальнай праблемы забруджання навакольнага асяроддзя. Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі прадставіць на выставе тэхналогію сінтэзу малочнай кіслаты для атрымання біяраскладальных палімерных матэрыялаў. Тэхналогія атрымання біяраскладальнага палімера – полілактыда – заснавана на ферментацыі цукразмяшчальнай сыравіны з атрыманнем стэрэаізамераў малочнай кіслаты. Вучоныя Інстытута прадэманструюць таксама біяпрэпараты для ачысткі камунальна-бытавых сцёкавых вод, біяактыватары для ачышчальных збудаванняў любога тыпу, мікробныя прэпараты для ачысткі водных раствораў ад ксілолу да талуолу.

РУП «Навукова-тэхналагічны парк “БелБіяград” НАН Беларусі» прадэманструе арганамінеральнае ўгнаенне (прэпарат, які дазваляе аднаўляць урадлівы слой зямлі), а таксама кармавыя дабаўкі пашыранага спектра дзеяння.

Вучоныя Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі прадставяць арыгінальную распрацоўку – асяроддзі іонаабменныя ўгнойвальныя для лясной і сельскай гаспадаркі. Яны пераўзыходзяць айчынныя і сусветныя стандарты кораненаселеных асяроддзяў, паколькі характарызуюцца высокай акупнасцю за кошт шматразовага выкарыстання без змянення прадукцыйных уласцівасцей і аптымальным наборам макра- і мікраэлементаў, дазваляюць на працягу доўгага тэрміну вырошчваць расліны без дадатковага ўнясення элементаў жыўлення. Могуць быць выкарыстаны для вырошчвання расады агародніны і кветак, у малааб’ёмных тэхналогіях ахаванага грунту, у замкнёных сістэмах жыццезабеспячэння і г.д.

Інстытут энергетыкі НАН Беларусі прадэманструе праграмна-апаратны комплекс у выглядзе бесправадной аднаўзроўневай сістэмы збору, уліку, апрацоўкі і перадачы інфармацыі аб спажыванні энергарэсурсаў (АСКУЭР) на аснове SMART-лічыльніка. Да яго пераваг адносяцца: рэагаванне на несанкцыянаванае падключэнне, прымусовае дыстанцыйнае адключэнне, магчымасць пабудовы аднаўзроўневай сістэмы АСКУЭР з перадачай інфармацыі па сетцы GSM (функцыі УЗПД выконвае SMART-лічыльнік), у тым ліку аператыўнае кіраванне.

XХV Беларускі энергетычны і экалагічны форум праходзіць у Мінску 12–15 кастрычніка 2021 года ў Футбольным манежы (пр-т Пераможцаў, 20/2). Ён уключае міжнародныя спецыялізаваныя выставы «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра» (EnergyExpo’ 2021), «Oil&Gas Technologies», «Атамэкспа-Беларусь», «ЭкспаСвятло», «Водныя і паветраныя тэхналогіі», «ЭкспаГорад» і XХV Беларускі энергетычны і экалагічны кангрэс. Мэта правядзення форуму – агляд сучасных дасягненняў навукі, тэхнікі і тэхналогій у сферы энергетыкі, энергазберажэння, аўтаматызацыі, электронікі, аховы навакольнага асяроддзя.

Тэгi
#выставы