Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.10.2021

У НАН адбудзецца Міжнародны круглы стол, прысвечаны 200-годдзю Ф.М. Дастаеўскага

28 кастрычніка 2021 года (чацвер) у 11.00 у НАН Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Міжнароднага круглага стала «Ф.М. Дастаеўскі – выбітны пісьменнік, філосаф і рэлігійны мысліцель: да 200-годдзя класіка рускай і сусветнай літаратуры». Праводзіць мерапрыемства Нацыянальная акадэмія навук Беларусі сумесна з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У праграме форуму пленарная сесія і работа трох секцый: «Гуманітарныя ідэі і агульначалавечыя каштоўнасці ў творчасці Фёдара Дастаеўскага на прасторы Саюзнай дзяржавы», «Спадчына Ф.М. Дастаеўскага: філасофскія аспекты» і «Рэлігійныя тэмы і матывы ў творчасці Ф.М. Дастаеўскага». У юбілейным мерапрыемстве прымуць удзел вядучыя вучоныя і эксперты, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і творчых саюзаў.

На Міжнародным круглым стале плануецца абмеркаваць ключавыя літаратуразнаўчыя, філасофскія і рэлігійныя аспекты творчасці Ф.М. Дастаеўскага, яго першаступенную значнасць для сусветнай літаратуры, філасофіі, эстэтыкі і культуры, для развіцця гуманітарных і філасофскіх ведаў. Будзе вызначана роля Ф.М. Дастаеўскага для ўдасканалення сучаснага адукацыйнага і выхаваўчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі, паказаны ўплыў яго спадчыны на фарміраванне маральна-духоўных арыенціраў сучаснай моладзі і сапраўдных патрыятычных каштоўнасцей.

У гэтым годзе ў Расійскай Федэрацыі і ва ўсім свеце адзначаецца 200-годдзе Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага – вялікага рускага пісьменніка, унікальнага мысліцеля і рэлігійнага філосафа. Яго бясцэнная мастацкая і філасофская спадчына прыцягвае ўвагу інтэлектуалаў ва ўсім свеце, вывучаецца школьнікамі і студэнтамі, нязменна выклікае шчыры інтарэс у шматлікіх чытачоў і прыхільнікаў яго творчасці.