28 кастрычніка 2021 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыўся Міжнародны круглы стол «Ф.М. Дастаеўскі – выбітны пісьменнік, філосаф і рэлігійны мысліцель: да 200-годдзя класіка рускай і сусветнай літаратуры».
Мерапрыемства было арганізавана НАН Беларусі сумесна з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і Беларускай Праваслаўнай Царквой. У форуме прынялі ўдзел вядучыя вучоныя і эксперты, прадстаўнікі БПЦ і творчых саюзаў, педагогі. З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў Круглага стала звярнуліся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Эдуард Крусткалн.
Як расказаў перад пачаткам работы Круглага стала дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка, «у выніку архіўных даследаванняў вучоныя вызначылі, што род Дастаеўскага паходзіць з Палесся. Для нас было радасна даведацца, што Фёдар Міхайлавіч, асабліва ў апошнія гады жыцця, шукаў свае карані. Некалькі пакаленняў продкаў жылі на беларускай зямлі. Ён адчуваў з ёй сувязь, з нашай культурай, традыцыямі. Таму напярэдадні 200-годдзя для нас вельмі важна разгледзець, як на беларуска-расійскім культурным памежжы сфарміраваўся феномен, творчая індывідуальнасць, геній Фёдара Міхайлавіча. Гэта ў многім дазваляе раскрыць прыроду яго таленту, мастацкага стылю».
На Міжнародным круглым стале былі абмеркаваны ключавыя літаратуразнаўчыя, філасофскія і рэлігійныя аспекты творчасці Ф.М. Дастаеўскага, яго першаступенная значнасць для сусветнай літаратуры, філасофіі, эстэтыкі і культуры, для развіцця гуманітарных і філасофскіх ведаў. Была вызначана роля Ф.М. Дастаеўскага ва ўдасканаленні сучаснага адукацыйнага і выхаваўчага працэсу ў Беларусі і Расіі, паказаны ўплыў яго спадчыны на фарміраванне маральна-духоўных арыенціраў сучаснай моладзі і сапраўдных патрыятычных каштоўнасцей.
У гэтым годзе ў Расіі і ва ўсім свеце адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага – вялікага рускага пісьменніка, унікальнага мысліцеля і рэлігійнага філосафа.