Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.11.2021

У Інстытуце сацыялогіі НАН Беларусі адбылася ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Сацыяльныя веды ў сучасным грамадстве: праблемы, заканамернасці, перспектывы»

У Інстытуце сацыялогіі НАН Беларусі 45 лістапада 2021 г. адбылася ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Сацыяльныя веды ў сучасным грамадстве: праблемы, заканамернасці, перспектывы».

Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі даслалі больш за 150 даследчыкаў з вядучых навуковых арганізацый і ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі, Расіі, Украіны, Кітая.

На пленарным пасяджэнні прагучалі прывітанні ў адрас удзельнікаў канферэнцыі ад Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэміка У.Р. Гусакова і акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі члена-карэспандэнта А.А. Кавалені, у якіх адзначалася актуальнасць і важнасць узнятых на канферэнцыі тэм, канстатавалася неабходнасць удасканальвання сацыялагічнай рэфлексіі над праблемамі сучаснасці, ставіліся задачы на развіццё магчымасцей акадэмічнай сацыяльнай навукі.

З дакладамі на пленарным пасяджэнні выступілі акадэмік НАН Беларусі Я.М. Бабосаў, прафесар Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Г.В. Пляханава К.У. Каргаполава, загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова С.М. Ліхачова, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі В.І. Надольская.

Дырэктар Інстытута сацыялогіі М.Л. Мыслівец выступіў з дакладам на тэму «Рэгіянальная сацыялогія ў Беларусі: актуальны стан, праблемы і перспектывы развіцця».

У канферэнцыі прынялі актыўны ўдзел сацыёлагі з рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны. Работа канферэнцыі праходзіла ў рамках 5 секцый і круглага стала «COVID-19 як выклік сучаснаму грамадству: сацыялагічнае прачытанне», на якіх разглядаўся шырокі спектр пытанняў, прысвечаных дасягненням, праблемам і перспектывам развіцця айчыннай і сусветнай сацыялогіі.

Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі такія пытанні, як сацыяльная тэорыя і метадалогія сацыялагічных даследаванняў; праблемы і перспектывы развіцця сучаснага грамадства: гуманітарная бяспека, сацыяльная палітыка, лічбавізацыя; галіновая сацыялогія ў сістэме сучасных сацыяльных ведаў; беларуская культура і навука ў люстэрку сучаснай сацыялогіі (да стагоддзя Інбелкульта); рэгіянальная сацыялогія: стан, здабыткі, перспектывы.
Па выніках канферэнцыі была прынята выніковая Рэзалюцыя.