Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.11.2021

Адбылася прэс-канферэнцыя «Дзяржаўная падтрымка навуковых даследаванняў і навуковага супрацоўніцтва ў Беларусі»

5 лістапада 2021 г. у 11.00 у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Дзяржаўная падтрымка навуковых даследаванняў і навуковага супрацоўніцтва ў Беларусі», прымеркаваная да Сусветнага дня навукі за мір і развіццё (10 лістапада). Ад Акадэміі навук у мерапрыемстве прынялі ўдзел Сяргей Чыжык, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, і Андрэй Іванец, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, доктар хімічных навук. У рамках прэс-канферэнцыі спікеры расказалі пра прыярытэтныя напрамкі ў навуцы, сярод якіх лічбавыя інфармацыйныя тэхналогіі, хіміка-біялагічныя распрацоўкі, энергетыка, машынабудаванне, развіццё аграпрамысловых тэхналогій і бяспека чалавека і дзяржавы.

Як адзначыў на прэс-мерапрыемстве Сяргей Чыжык, айчынная навука пры падтрымцы дзяржавы забяспечвае нашай краіне здольнасць канкурыраваць у сучасным глабальным свеце і эфектыўна адказваць на выклікі часу. На думку С. Чыжыка, сягонняшні прынцып арганізацыі акадэмічнай навукі вельмі прагрэсіўны. Ён дазваляе не толькі забяспечваць навуковую падтрымку галінам народнай гаспадаркі для іх развіцця, але і адказваць на глабальныя выклікі часу, такія, як пандэмія. Андрэй Іванец у сваю чаргу расказаў, што сёння ў Акадэміі навук паспяхова функцыянуюць каля 80 навуковых арганізацый, працуюць 12 прамысловых прадпрыемстваў, 4 сельскагаспадарчыя вытворчасці, 24 галіновыя лабараторыі, створаныя на базе НАН і профільных міністэрстваў (Мінпрама, Мінсельгасхарча, Мінпрыроды і г.д.). Для таго, каб маштабаваць лабараторныя распрацоўкі, дзейнічае каля 230 уласных вытворчых участкаў, якія дазваляюць ствараць вопытна-прамысловыя ўзоры, гатовыя да перадачы ў прамысловую эксплуатацыю. «Гэта з’яўляецца найважнейшым аб’яднаўчым звяном паміж фундаментальнай навукай, навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі і рэальным іх прымяненнем»,  падсумаваў Андрэй Іванец.