17 лістапада 2021 года ў 11.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі , вул. Сурганава 15 (1 паверх, інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі) адбудзецца прэзентацыя зборніка «АКРЫЛЕНЫЯ РОДНЫМ СЛОВАМ», выдадзенага да 145-годдзя Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і 150-годдзя Ларысы Косач-Квіткі (Лесі Украінкі).
2021 год – год святкавання 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і 150-годдзя з дня нараджэння Лесі Украінкі (Ларысы Косач-Квіткі). Беларусаў і ўкраінцаў цесна звязвае агульная гісторыя. Гэта бачна і на прыкладзе лёсаў і творчасці дзвюх паэтак.
Да двух юбілеяў адразу ў Выдавецкім доме «Звязда» ўбачыла свет кніга «Акрыленыя родным словам», выдадзеная на беларускай і ўкраінскай мовах. Пад адной вокладкай тут сабраны вершы Цёткі ў перакладзе на ўкраінскую мову і вершы Лесі Украінкі ў перакладзе на беларускую. Увайшлі ў кнігу і біяграфічныя матэрыялы пра дзвюх духоўных сясцёр – вялікіх жанчын, таленавітых паэтак, сапраўдных барацьбітак за лепшую долю простых людзей.
Аб’ядналіся на старонках кнігі, выдадзенай па-беларуску і па-украінску, два вялікія таленты: Алаіза Пашкевіч, якую ў творчых памкненнях падтрымалі Львоў, Україна, і Лесі Украінкі, якая звязана з Мінскам, Беларуссю і праз лёс рэвалюцыянера Сяргея Мяржынскага, і тым, што многія беларускія перакладчыкі звярталіся да яе твораў.
Сярод аўтараў кнігі – прафесар Валынскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі Юрый Громік, прафесар, доктар філалагічных навук, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя І. Франко Вячаслаў Рагойша (Беларусь), дырэктар адзінага ў рэспубліцы музея Алаізы Пашкевіч (Цёткі) Ала Балобан і інш. У Зборніку прыводзяцца выказванні беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў: Ліны Кастэнкі, Аксаны Забужкі, Івана Драча, Анатоля Клышкі, гісторыкаў Мітрафана Доўнар-Запольскага, Міколы Ермаловіча. Кніга багата ілюстравана фотаздымкамі.
Гасцям мерапрыемства будзе таксама прадстаўлена аднаіменная выстава, прысвечанная творчай спадчыне Цёткі і Лесі Украінкі. У межах адной выставы будзе магчымасць пазнаёміцца як з самымі раннімі выданнямі твораў знакамітых пісьменніц, так і з сучаснымі перавыданнямі, што захоўваюцца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі. Сярод экспанатаў выставы і пераклады некаторых твораў Цёткі і Лесі Украінкі на іншыя мовы, а таксама літаратура аб жыцці і даследаванні творчасці.
Кантактныя тэлефоны:
+375 17 284 28 76 – Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы
+ 375 17 283 19 73 – Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь
+375 17 379 27 06, + 375 29 652 80 38 – ЦНБ НАН Беларусі